Чаму цягнік да Масквы даражэй за самалёт?
А квіток туды-назад на самалёт да Парыжа танней, чым білет на цягнік у адзін (!) бок. Як так? (табліца)
Самы танны авіяквіток з Мінска да Масквы каштуе 43 еўра. А білет у купэйны вагон цягніка абыдзецца як мінімум у 56 еўра. Атрымліваецца, даляцець да сталіцы Расіі не толькі на 7 гадзін хутчэй, але і на 143 тысячы танней, чым даехаць у купэ цягніка!
“Гэта праявы нашай новай палітыкі, — тлумачыць камерцыйны дырэктар кампаніі “Белавія” Ігар Чаргінец. — У гэтую секунду на 15 напрамкаў рэгулярных рэйсаў мы ўсталявалі зніжаныя тарыфы. Напрыклад, паляцець у Польшчу каштуе 45 еўра”.
Крыху пазней, на сайце “Белавіі” Еўрарадыё зразумела, што не ўсё так проста: да 45 еўра дадаецца абавязковы збор — 15 еўра. Але і 60 еўра за квіток у Варшаву — гэта амаль як у цягніку! (Глядзіце табліцу ніжэй)
“А што вы здзіўляецеся? — у сваю чаргу здзіўляюцца на Беларускай чыгунцы. — Расіі трэба за вашу перавозку аддаць паўнавартасны швейцарскі франк. Па курсе, які не чыгунка вызначае, а Нацыянальны банк. Так што, каб танна ездзіць за мяжу, тэлефануйце не нам, а ў Нацбанк. І прапануйце ім вярнуцца ў 1 студзеня 2011 года. Гэта самы аптымальны варыянт!”Каб танна ездзіць за мяжу, тэлефануйце не нам, а ў Нацбанк. І прапануйце ім вярнуцца ў 1 студзеня 2011 года
Па словах супрацоўніка чыгункі, для самалёта і для цягніка працуюць розныя прынцыпы ўсталявання тарыфаў. Борт самалёта — самадастатковая транспартная адзінка, якая рухаецца ў нічыйным паветры. Цягнік жа немагчыма ўявіць без рэек, за карыстанне якімі кожная краіна прызначае свой кошт.
“Тарыф мае тэрытарыяльны прынцып. Ён налічваецца ў швейцарскіх франках, бо расійскай чыгунцы за яе паслугі непатрэбныя беларускія рублі, так жа, як мне не патрэбныя казахскія тэнге… Чамусьці, калі едуць у іншую краіну, прыгадваюць, што трэба закупіцца валютай. Я не разумею, чаму нашы людзі, якія лічаць сябе разумнымі, гэтага самі не разумеюць…” — працягвае чыгуначнік.
Што праўда, вольных месцаў у цягніках на маскоўскім напрамку не шмат. Таму на чыгунцы канкурэнцыі з боку авіяперавозчыкаў не баяцца. І кошты зніжаць не збіраюцца. Дакладней, збіраюцца — але яшчэ не хутка.
“Ёсць адмысловыя перыяды, калі кошты павышаюцца і паніжаюцца. Гэта і прадугледжана для таго, каб рэгуляваць плынь пасажыраў і даць чалавеку магчымасць запланаваць сваю паездку загадзя, — распавядаюць у прэс-службе чыгункі. — А Сёння галоўнае — гэта эканоміка. І калі цягнікі запатрабаваныя [па такіх коштах] — гэта значыць, яны запатрабаваныя! З іншага боку, многія людзі едуць нашмат танней. Электрычкай да Оршы, пасля да мяжы — гэта да станцыі Чырвонае, пасля Смаленск. Да Масквы даязджаюць за 200 тысяч”.
Еўрарадыё вырашыла параўнаць кошт квіткоў на цягнікі з коштам авіябілетаў па некалькіх папулярных напрамках. Выявілася, што не толькі ў Маскву танней ляцець, чым ехаць. Напрыклад, квіток туды-назад на самалёт да Парыжа каштуе танней, чым білет на цягнік у адзін (!) бок! Што праўда, у мяккі вагон. Але іншых там няма!
Напрамак |
Самая танная плацкарта |
Самае таннае купэ |
Авіяквіток на акцыі/зніжках |
Авіяквіток эканом-класа ў адзін бок |
Самы танны авіяквіток туды-назад |
Варшава |
- |
55 еўра (607 000) |
60 еўра |
85 еўра |
114 еўра |
Кіеў |
324 500 |
48 еўра (527 690) |
69 еўра |
75 еўра |
136 еўра |
Масква |
311 180 |
56 еўра (624 280) |
43 еўра |
55 еўра |
80 еўра |
Парыж |
- |
286 еўра (3 146 000, мяккі вагон) |
- |
184 еўра |
239 еўра |
Прага |
- |
133 еўра (1470 000) |
149 еўра |
169 еўра** |
220 еўра |
Рыга |
363 400 |
52 еўра 575 060 |
60 еўра |
66 еўра |
128 еўра |
Санкт-Пецярбург |
340 940 |
62 еўра (683 700) |
60 еўра |
65 еўра |
110 еўра |
Сімферопаль |
522 870 |
76 еўра (834 400) |
- |
119 еўра* |
240 еўра* |
*узімку рэйс не выконваецца.
**рэйс авіякампаніі Lufthansa
Як бачна, далёка не заўжды квіток на самалёт таннейшы за чыгуначны білет. Затое авіябілет туды-назад часам апынаецца таннейшым за два квіткі на цягнік. Праз тое, што ў кожнай краіне на чыгунцы дзейнічаюць розныя тарыфы, чыгуначнікі не могуць дамовіцца на падобныя зніжкі, таксама як і на зніжкі на групавую паездку. Авіякампанія такую зніжку даць можа — ёй гэта ўзгадняць ні з кім не трэба, бо самалёт належыць толькі ёй.
Фота: strana.ru.