Хто зарабляе больш: праграміст, хакеіст, лётчык ці шахцёр?

120608 Rugajn Zarplaty.mp3

Хакеіст мінскага "Дынама" атрымоўвае ў сярэднім 22,3 тысячы долараў за месяц, ці больш за 250 тысяч долараў за год. Хто пераплюне па заробках?

Як даведалася Еўрарадыё, самыя дасведчаныя і кваліфікаваныя лётчыкі зарабляюць... каля 50 мільёнаў рублёў за 80-90 лётных гадзін. Гэта 5,6-5,8 тысячы долараў!

"Вядома, не ўсе атрымліваюць 50 мільёнаў. Калі многа адпрацаваных гадзін, спецыяліст дасведчаны, то ён можа атрымаць 50 мільёнаў, — гаворыць галоўны эканаміст нацыянальнай авіякампаніі "Белавія" Віктар Лук'яненка. — Пасля адтоку ў Расію, дзе лётчык такой самай прафесійнай катэгорыі атрымлівае 10 тысяч долараў, мы паднялі заробкі, і зараз сапраўды лётчык атрымлівае 50 мільёнаў за 80-90 лётных гадзін”. 

 
А вось у бортправаднікоў авіякампаніі паводле нашых дадзеных заробкі каля 4-5 мільёнаў. Выходзіць, што адны з самых высокааплатных спецыялістаў — лётчыкі. Яны зарабляюць амаль што на ўзроўні хакеістаў звычайных клубаў.


Згодна з дадзенымі Белстата праграмісты — найбольш высокааплатныя спецыялісты ў краіне: сярэдні іх заробак за 2011 год — 1000 долараў. А ў рэйтынгу Еўрарадыё яны толькі на трэцім месцы з сярэднім заробкам у 1,5 - 2 тысячы долараў. Вядома, гаворка ідзе пра самых крутых. Як адзначаюць шматлікія праграмісты, заробак вар’юецца ад 600 долараў  да 3 тысяч умоўных.


У спісе багацеяў Белстату шахцёры ідуць побач з нафтаздабытчыкамі. Як даведалася Еўрарадыё, сярэдняя зарплата на прадпрыемстве — 6 мільёнаў рублёў. Гэта каля 715 долараў.

"Апошняе, што я чуў, — гэта 6 мільёнаў, — кажа намеснік генеральнага дырэктара па рэжыме ААТ “Нафтан” Васіль Булаты. — Але ёсць работнікі, якія і 1,5 мільёна атрымліваюць”.

Прыкладна такія ж заробкі ў шахцёраў салігорскага "Беларуськалія" — дакладную лічбу ў адміністрацыі прадпрыемства агучыць адмаўляюцца. Паводле дадзеных Белстата, сярэдні заробак шахцёраў "Беларуськалія" за 2011 год — 6 мільёнаў рублёў.


А вось служачыя галоўнага банка краіны зарабляюць пакуль што менш за 500 долараў. 
“Пакуль не дасягнулі 500 долараў”, — сказалі ў прэс-службе Нацбанку. Не канкурэнты хакеістам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі