Кіраўнік прафсаюзаў Расіі пагражае афіцыйнаму Мінску міжнароднымі санкцыямі

Нагодай для ліста стаўся слынны дэкрэт №9, які фактычна забараняе звальняцца рабочым дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.

Зварот да Аляксандра Лукашэнкі Міхаіл Шмакаў напісаў у якасці прэзідэнта Усееўрапейскага рэгіянальнага савета Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў яшчэ 21 снежня. Акрамя таго, Шмакаў з'яўляецца старшынёй Федэрацыі незалежных прафсаюзаў Расіі.

Шмакаў: "Мы пачыталі тэкст указа. І на падставе гэтага ад імя Усееўрапейскага рэгіянальнага савета Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, дзе я з'яўляюся прэзідэнтам, мы ад імя міжнароднай супольнасці... Натуральна, што з Міжнароднай федэрацыяй прафсаюзаў мы кансультаваліся".

У лісце Шмакава ўмовы дэкрэта №9 параўноўваюцца з рабствам і прыгонным правам. "Вымушаны са шкадаваннем адзначыць, што ўмовы дэкрэта шмат у чым нагадваюць дзеянні ўладаў М’янмы, якія падпалі пад рэзкую крытыку Міжнароднай арганізацыі працы і ўсёй сусветнай супольнасці, што прывяло да ўвядзення санкцый, што спрычынілі эканамічны спад і міжнародную ізаляцыю краіны", — адзначаецца ў звароце.

Ад імя 89 прафцэнтраў з 55 краін Еўропы і Еўразіі Шмакаў заклікаў улады Беларусі адмяніць дэкрэт №9.

"Прымусовая праца ў Беларусі — пагроза для ўсёй Еўропы", - так кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук пракаментаваў для Еўрарадыё зварот расійскага прафсаюзніка Шмакава.

Ярашук кажа, што да гэтага звароту трэба ставіцца вельмі сур'ёзна:

Ярашук: "Еўрапейскі прафсаюзы рух і расійскі прафсаюзны рух разглядаюць увядзенне прымусовай працы ў Беларусі не толькі як пагрозу для працаўнікоў Беларусі, але і як пагрозу для працаўнікоў у рэгіёне, і найперш у Расіі. І як пагрозу наогул на нашым кантыненце! дастаткова толькі ў адным месцы з'явіцца падобным рэчам — і яны могуць стаць спакусай для іншых краін".

Разам з тым, прафсаюзны лідар адзначае, што на прадпрыемствах дрэваапрацоўкі дзейнічаюць толькі афіцыйныя прафсаюзы.

Ярашук: "Мы ўсведамляем ўсю пагрозу для ўсіх працоўных краіны ад увядзення такога дэкрэту, хай ён наўпрост нас і не тычыцца. Але весці размову, што мы маем на ўвазе нейкія страйкі таму, што на прадпрыемствах дрэваапрацоўкі, дзе функцыянуюць выключна арганізацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі... Напэўна, гэта было б не зусім лагічна". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі