Кіраўнікі Партыі БНФ на ўгодкі Чарнобыля наведалі Магілёўшчыну (фота)
Яны здзейснілі вандроўку ў раён шашы Чэрыкаў — Касцюковічы, дзе раней былі вёскі, што зруйнавалі ў 90-я гады з-за вялікага ўзроўню радыяцыі.
У паездцы бралі ўдзел старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч (на здымку знізу), яго намеснік Рыгор Кастусёў (на здымку зверху) ды шэраг актывістаў са сталіцы і Магілёўшчыны.
Фронтаўцы наведалі памятныя камяні, што стаяць на месцах, дзе раней былі вёскі Вепрын, Чудзяны, Малінаўка і Новамалінаўка. Яны ўпрыгожылі бела-чырвона-белымі стужкамі, таксама запалілі лампады і паставілі кошыкі з кветкамі. Тэрыторыя каля камянёў была прыбраная і добраўпарадкаваная.
Нагадаем, 26 красавіка ў Мінску пройдзе традыцыйная вулічная акцыя "Чарнобыльскі шлях", дазвол на яе правядзенне далі гарадскія ўлады. Збор удзельнікаў прызначаны ў пятніцу на 18.30 каля кінатэатра "Кастрычнік". Скончыцца акцыя павінна а 21-й на плошчы Дружбы народаў.