Кітайскі тэхнапарк ці Парк высокіх тэхналогій: у каго льготы смачней?
Еўрарадыё параўнала палёгкі з палёгкамі.
Падатковыя льготы для кітайскага тэхнапарку — гэта “калі сюзерэн даруе сваім васалам нейкія паслабленні”, кажа Сяргей Чалы.
“Без стварэння такіх ільготаў не было б логікі стварэння Кітайска-беларускага парка, — кажа старшыня галоўнага ўпраўлення інвестыцый Мінэканомікі Кірыл Карацееў. — Так, бюджэт недаатрымае некаторыя грошы, але амаль што ўся тэрыторыя ў Беларусі падпадае пад свабодныя эканамічныя зоны са сваімі асаблівасцямі”.
Свабодныя эканамічныя зоны сапраўды маюць шэраг падатковых палёгак. Але такіх, як “кітайскія”, няма нават у Парка высокіх тэхналогій (гл. табліцу).
Лічыце самі! Рэзідэнты тэхнапарку пад Смалявічамі пазбаўляюцца ад трох найбольш важных падаткаў для кожнага прадпрыемства на тэрыторыі Беларусі: падатак на зямлю, маёмасць і прыбытак. Першае дзесяцігоддзе рэзідэнты Кітайскага тэхнапарку не плацяць дзяржаве анічога. Наступныя дзесяць гадоў — толькі палову. Да таго ж, смалявіцкім уладам параілі вызваліць сумесную кітайскую кампанію ад выплаты мясцовых падаткаў. Указ абараняе “кітайцаў” і ад увядзення новых падаткаў. Адным словам, кітайскі парк ў шакаладзе — амаль ніякіх збораў.
На другім месцы “па льготах” — Парк высокіх тэхналогій. (гл. табліцу). Тут зноў жа — няма падатку на прыбытак, на маёмасць, зямельны падатак можна не сплачваць першыя тры гады існавання кампаніі. Дарэчы, ў IT-парку ёсць палёгкі ў галіне падаткаў на прыбытак — рэзідэнты парку яго не выплачваюць увогуле, “кітайскі тэхнапарк” — амаль не мае, а вось ў свабоднай эканамічнай зоны “Мінск” ільготы амаль што пажыццёвыя — пасля пяці гадоў абвяшчэння прыбытку рэзідэнты нічога не плацяць, а потым таксама толькі палову.
Паводле падлікаў Еўрарадыё, менш за ўсё льгот — для рэзідэнтаў свабоднай эканамічнай зоны “Мінск”. СЭЗ вызвалена ад зямельных падаткаў і ад падаткаў на прыбытак ў першыя пяць гадоў пасля аб’яўлення кампаніі даходнай. Пасля гэтага рэзідэнты сплачваюць толькі 50 % ад стаўкі, сёння гэта 9%.
Льготы для звычайных людзей — толькі ў “парках”. Супрацоўнікі Кітайскага парку і ПВТ сплачваюць 9% падатку. Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, у адміністрацыі СЭЗ Мінск не хвалююцца, што інвестары перабягуць да кітайцаў:
“Нам не хапае тэрыторый, каб размясціць усіх жадаючых. А што рэзідэнты пойдуць да кітайцаў — нас не палохае. Ці будзе яшчэ гэты парк? Дай Бог, каб такая махіна запрацавала”, — кажа намеснік старшыні адміністрацыі СЭЗ “Мінск” Марына Адамовіч.
Не баіцца льгот будучага кітайскага “цмоку” і IT-парк. Таму што рэзідэнты ПВТ могуць дзейнічаць дзе заўгодна на тэрыторыі Беларусі, у той час як Кітайскі тэхнапарк — толькі ў Смалявічах.
“У Кітайска-беларускім тэхнапарку жорстка агавораны тэрытарыяльны прынцып: дзейнічаць можна толькі ў раёне Смалявічаў, а нашы рэзідэнты могуць дзейнічаць дзе заўгодна. Канкурэнтаў не баімся”, — кажуць Еўрарадыё ў адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій.
Эканаміст Сяргей Чалы лічыць, што стварэнне свабодных эканамічных зон з такімі льготамі — не інакш як нахабства.
“З аднаго боку — мы маем свабоду перамяшчэння капіталаў, рабочай сілы, а з другога боку — спадзяемся на тое, што нашы партнёры па Адзінай эканамічнай прасторы закрыюць вочы на дзірку ў заканадаўстве. Правам прызнаваць рэзідэнтам будзе валодаць створаная рэзідэнцыя, таму, як заўсёды, чыноўнікі, якія раздаюць палёгкі — яны для сябе гэтыя законы і пішуць, каб была магчымасць камусьці даць ільготы, а камусьці не даць. Гэта змахвае на феадальную сістэму, калі сюзерэн даруе сваім васалам нейкія льготы. У нас і раней былі такія льготы, але раней мы не даходзілі да такога нахабства, каб на 50 гадоў усё прапісаць”, — кажа эканаміст.
Табліца. Падатковыя льготы і зборы для рэзідэнтаў Кітайска-беларускага тэхнапарку, Парку высокіх тэхналогій, свабоднай эканамічнай зоны “Мінск”.
Дзяржаўныя падаткі і зборы |
Рэспубліка Беларусь |
Кітайска-беларусі тэхнапарк |
Парк высокіх тэхналогій |
СЭЗ “Мінск” |
Падатак на прыбытак |
18% |
На працягу 10 каляндарных гадоў пасля рэгістрацыі — без падаткаў, наступныя 10 гадоў — 50% ад стаўкі |
Не сплачваюць |
Першыя 5 гадоў пасля абвяшчэння прыбытку – не сплачваюць, пасля – 50% ад стаўкі. |
Зямельны падатак |
У адпаведнасці з кадастравым коштам участка і мэтавым прызначэннем. |
На перыяд будаўніцтва, але не больш як на тры гады |
У адпаведнасці з кадастравым коштам участка і мэтавым прызначэннем. |
|
Падатак на нерухомасць |
1% |
Не сплачваюць |
Не сплачваюць |
|
Падатак на дадатковую вартасць |
20% |
Не сплачваюць |
Не сплачваюць |
20% (50% ад стаўкі для тавараў асабістай вытворчасці і з’яўляюцца імпартазамяшчальнымі). |
Адлічэнні ў фонд заработнай платы |
35 % ад фонду аплаты заробкаў |
Адлічваецца з сярэдняй па краіне |
35 % ад фонда аплаты заробкаў |
|
Падатак з грамадзян |
12% |
9% для ўсіх да 2027 года |
9% |
Па стаўках 12% |
Мытныя пошліны і зборы |
Згодна з заканадаўствам РБ |
Не сплачваюць |
Не сплачваюць |
Сплачваюць |
Мясцовыя падаткі і зборы |
Згодна з заканадаўствам РБ |
Не сплачваюць |
Сплачваюць |
Сплачваюць |
Фота: moneyball.info