Кнігі Караткевіча, Дзюма і Купера трапілі ў "незаслужана забытыя" (фота)
Акрамя іх на выставе з такой назвай у Брэсцкай абласной бібліятэцы выстаўленыя кнігі Шамякіна, Герчыка, Дайнэкі.
З папулярных раней кніг рускіх пісьменнікаў тут “Чалавек-амфібія” Бяляева, “Пурпуровыя ветразі” Грына, “Аэліта” і “Гіпербалоід інжынера Гарына” Аляксея Талстога. Яшчэ больш кніг класікаў сусветнай літаратуры. Тут і Фенімор Купер, і Аляксандр Дзюма-бацька, і Джэк Лондан, і Жуль Верн. Бібліятэкарка Людміла Аляксееўна тлумачыць:
Бібліятэкарка: "Што да Караткевіча, то не так часта запытваюць яго кнігі, як хацелася б. Добрыя кнігі трэба не прачытваць, а чытаць і перачытваць. А так выходзіць, што ў нейкай меры іх забылі".
Ёсць у бібліятэцы і выстава “Кнігі павышанага попыту”. Там найперш спецыяльная навучальная літаратура для студэнтаў і школьнікаў. Шмат бяруць кніжкі модных расійскіх аўтараў — найперш Акуніна, Данцову, Усцінаву.
На выставе “Незаслужана забытыя кнігі” застаўся адзін томік Караткевіча з раманамі “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Чорны замак Альшанскі”. Яшчэ дзве кнігі ўзялі пачытаць.