У Расіі выходзіць кніга ўспамінаў Станіслава Шушкевіча

Кніга Станіслава Шушкевіча “Моя жизнь, крушение и воскрешение СССР” выходзіць 5 лістапада. Надрукаваць яе выклікалася расійскае выдавецтва РОССПЭН. Усе айчынныя выдавецтвы, па словах аўтара, друкаваць кнігу Шушкевіча не рашыліся.
121102_szuszkeviczkniha.mp3
Станіслаў Шушкевіч: “Тут быў выдавец, які сказаў, што будзе выдаваць маю кніжку. Ён сам мяне знайшоў пасля публікацыі фрагментаў у “Народнай волі”. І нават зрабіў падрыхтоўку да выдання. А пасля мне сказаў: “Мы атрымалі загад — хто выдасць гэтую кніжку, то гэта будзе апошняе, што зрабіла яго выдаўніцтва. Хто будзе распаўсюджваць яе ў продаж — гэта будзе апошні дзень існавання той структуры, таго кнігагандлю”.

Што тычыцца зместу, то, як сцвярджае Шушкевіч, мемуарамі ў іх звыклым выглядзе кніга не з’яўляецца. Аўтар называе свой твор міксам. Там ёсць і невялікія эсэ ў выглядзе кароткіх подпісаў пад здымкамі, і аналітыка, і крыху ўспамінаў. У “гласарыі” выдання — звыш 500 прозвішчаў вядомых і не вельмі беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячоў. У кнізе амаль 500 старонак і каля 300 ілюстрацый. Якім накладам выйдзе “Моя жизнь, крушение и воскрешение СССР”, Шушкевіч не ведае. Маўляў, на рускую версію выдання ўсе правы належаць выдавецтву і ён у гэтыя нюансы не ўнікаў.

Але асабліва звяртае ўвагу, што ніякіх правак у аўтарскі тэкст выдаўцы не ўносілі — гэта была галоўная ўмова аўтара. Правы на беларускі варыянт належаць Станіславу Шушкевічу. Ён, дарэчы, больш поўны, чым рускамоўная версія кнігі.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі