Колькі плацяць вядомым беларускім алімпійцам?
Некаторыя алімпійскія чэмпіёны зарабляюць сёння як міліцыянер ці прыбіральшчыца. Еўрарадыё цікавілася заробкамі дзейных беларускіх спартсменаў.
Алімпійская чэмпіёнка Сіднэя-2000 у штурханні ядра Яніна Правалінская-Карольчык трэніруецца і сёння. На Гульнях у Лондане яна не змагла прабіцца ў фінал. А добрую зарплату са спартсменкі знялі яшчэ ў 2003 годзе, з-за дыскваліфікацыі.
Атлетка распавядае пра рэаліі прафесійнага спорту і пра грошы, якія ў выніку могуць чакаць нават алімпійскіх чэмпіёнаў.
Яніна Правалінская-Карольчык: “Ты стаў алімпійскім чэмпіёнам, потым прызёрам, потым — у васьмёрцы, а потым… І будуць плаціць мільён, калі яшчэ будуць. У Міністэрстве спорту я не атрымліваю заробак. Я ваеннаслужачая, я ў МУС атрымліваю зарплату як маёр. Лічуся трэнерам спартыўнай каманды. Калі скончыць выступаць і перайсці, напрыклад, на звычайную трэнерскую работу, то будзе зарплата каля 1 мільёна 800 тысяч”.
Паводле слоў спартсменкі, чэмпіёны з больш развітых у фінансавым плане краін таксама не зарабляюць са спорту мільёнаў.
Яніна Правалінская-Карольчык: “Зрабіўся ты алімпійскім чэмпіёнам ці прызёрам, і маеш кантракт, які не адносіцца да спорту. Напрыклад, рэклама. І можна сябе забяспечыць. У нас пры дасягненні пенсійнага ўзросту для тытулаваных спартсменаў вызначылі пенсію ў тры пражытковыя мінімумы. Пры гэтым трэба пражываць на тэрыторыі Беларусі. А ў Расіі незалежна ад усяго плацяць 500 долараў штомесяц”.
Чэмпіёнка свету па цяжкай атлетыцы Настасся Новікава і бронзавая медалістка Гульняў у Лондане Ірына Кулеша маюць прыкладна па 30 мільёнаў рублёў стыпендыі штомесяц. Вынік дзяўчаты паказалі.
Нягледзячы на гэта, Гульні ў Лондане не павялічылі заробак іх трэнеру — Віктару Шылаю.
“Тыя трэнеры, якія не выканалі, там, натуральна, урэзалі. А тым трэнерам, якія выканалі і падрыхтавалі медалі, таксама ўрэзалі, — тлумачыць трэнер. — Не ведаю, у сувязі з чым прымалі такое рашэнне. Але хочуць падняць прэміяльныя за чэмпіянаты свету і Еўропы”.
Еўрарадыё: А ў вас які заробак?
Віктар Шылай: “Цяпер, атрымліваецца, 24 мільёны. А было амаль 30”.
У нядаўнім мінулым наймацнейшы штангіст планеты незалежна ад вагавой катэгорыі і алімпійскі чэмпіён Пекіна-2008 Андрэй Арамнаў зарабляе сёння каля 1,1 мільёна — менш за прыбіральшчыцу. Каб зноўку нешта зарабляць, яму трэба заваёўваць чарговыя медалі.
Андрэй Арамнаў: “Я цяпер вельмі моцна пачаў трэніравацца. Кінуў усе лішнія справы. Кругласутачна рыхтуюся да чэмпіянату Еўропы і хачу сабе вярнуць званне самага моцнага чалавека планеты. Алімпійскі чэмпіён Ілля Ільін выступае ў меншай вагавой катэгорыі, але па табліцы Сінклера ён мяне пераўзышоў на дзесяць ачкоў (ўсяго амаль 4000 ачкоў). Зараз мне трэба вярнуць сваё званне”.
Цікавімся ў баксёра Сяргея Карнеева, ці ўрэзалі заробак яму. Байца на шляху да алімпійскіх узнагарод, на думку многіх, спынілі неаб’ектыўныя суддзі.
Сяргей Карнееў: “Зарплаты ўрэзалі толькі неалімпійскім відам спорту. А я за пятае месца зарабляю дваццаць мільёнаў. Жыць можна. У 2010 годзе было 130 долараў на месяц”.
Скакуха ў даўжыню Настасся Мірончык-Іванова лічыцца адной з самых перспектыўных беларускіх лёгкаатлетак. Праўда, сама яна просіць не ўскладаць на яе нейкіх медальных абавязкаў, бо гэта цісне псіхалагічна.
Перспектыўныя калегі Настассі з Францыі, да прыкладу, зарабляюць каля 5 тысяч долараў штомесяц. Беларускія алімпійцы пра такія лічбы нават не мараць.
Настасся Мірончык-Іванова: “Ніхто з нас не будзе плакаць. Нам далі зарплату — гэта азначае, што мы гэта заслужылі”.
Настасся Мірончык-Іванова: “У дадзены момант каля 7,5 мільёнаў. Мне ў прынцыпе дастаткова, хапае. Хацелася б трошкі больш, але…”
Фота klbviktoria.com, Reuters, zimbio.com