Крама: Аматараў пафатаграфаваць заўсёды ганялі і будуць ганяць
Ужо некалькі месяцаў пакупнікі ходзяць у крамы не па тавары, а па фотаздымкі.
Еўрарадыё высвятляла, як крамы рэагуюць на пакупнікоў, якія фатаграфуюць цэннікі, і ці можна здымаць у крамах.
У службе аховы “Бігз” кажуць, што ёсць унутраная інструкцыя, якая забараняе фатаграфаваць. Забарону тлумачаць проста: клопат аб бяспецы грамадзян.
“Мы клапоцімся аб бяспецы ў першую чаргу не коштаў, а пакупнікоў. Гіпермаркет — яшчэ болей грамадскае месца, чым метро. Калі чалавек прыходзіць і робіць нейкія чарцяжы, мы пытаемся, што ён робіць. Калі ён фатаграфуе — для чаго? Ці не для таго, каб потым паглядзець, дзе болей збіраецца пакупнікоў, каб потым усталяваць выбуховае прыстасаванне?”
У “Гіпа” на Ракасоўскага таксама фатаграфаваць нельга. У гіпермаркеце кажуць, што асабліва актыўна карыстацца фотаапаратамі ў гандлёвых залах людзі сталі некалькі месяцаў таму.
“Бываюць выпадкі, калі можна пабачыць з дапамогай камеры ці супрацоўнік побач праходзіць, але часам нябачна дастаюць тэлефон і робяць здымкі. Зараз кошты ўсе, пераацэнкі — людзі любяць фатаграфаваць”.
У “Прасторы” на праспекце Дзяржынскага здымаць на мабільнік можна. А вось любое выкарыстанне прафесійнай тэхнікі павінна ўзгадняцца з адміністрацыяй.
Забарону ў “Прасторы” тлумачаць камерцыйнай тайнай. Што тычыцца аматараў фотаздымкі, то да іх паспелі прывыкнуць — ужо некалькі месяцаў працуюць у такім рэжыме.
“Тры месяцы працуем у такой сітуацыі, што кошты падымаюцца. Але не мы іх падымаем, гэта робяць пастаўшчыкі”.
У “Радзівілаўскім”, размешчаным ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”, кажуць, што фатаграфаваць непажадана — усё ж такі раздражняе.
“Ніякага забараняльнага закона няма. Калі чалавек нешта фатаграфуе, то нічога яму зрабіць не могуць”.
Згодна са словамі супрацоўніцы “Радзівілаўскага”, у іх краме ахова даволі лаяльная, у той час як у гіпермаркетах ахоўнікі бываюць жорсткія.
У “Суседзях”, што ў гандлёвым цэнтры “Рыга”, прызнаюцца, што хоць забараняльнага закона і няма, з аматарамі пафатаграфаваць у краме заўсёды будуць змагацца.
“Ёсць такія людзі, якія фатаграфуюць. Зразумела, гэта раздражняе і пакупнікоў, і супрацоўнікаў крамы, бо не зразумела, дзеля чаго яны фатаграфуюць і што з гэтым будуць рабіць. Аматараў фотаздымкаў заўсёды ганялі і будуць ганяць. Ніякай краме гэта не спадабаецца. Прыходзяць і канкурэнты, фатаграфуюць нейкія кошты і выкладку прадукцыю”.
Супрацоўнік крамы дадае, што ахоўнік можа адрэагаваць на фотаздымку па-рознаму. Прапануе пакінуць залу або папросіць выдаліць фота — залежыць ад ахоўніка і ад таго, як вы з ім дамовіцеся.
Фота: mosaica.ru