Кулінковіч: Ідэю са снегавікамі-забойцамі давялося адкласці на гэтую зіму
Лідар Neuro Dubel распавёў пра ролю “советчиков” у творчасці, настальгію па старым складзе, паходжанне “чорных спісаў” ды ўплыў палескіх ветраў на наша жыццё.
Першая частка:
Другая частка:
Трэцяя частка:
Пасля “няўдалага” канцэрту і напярэдадняга выдання дыска з гучнай назвай “Дох..я советчиков” Аляксандр Кулінковіч, нягледзячы на раптоўна снежнае надвор’е, завітаў у студыю Еўрарадыё, каб пагутарыць пра мінулае, будучае ды сучаснасць… Хоць Саша і прызнаўся, што нядаўна адмовіўся ад алкаголю, і гэта зрабіла яго злым, усю размову лідар Neuro Dubel усміхаўся пакідаючы выключна станоўчыя эмоцыі.
Пра мінулае!)
Еўрарадыё: Апошні раз мы размаўлялі з табой гадоў пяць таму, напярэдадні выхаду альбома “Stasi”. Тады ты яшчэ не ведаў, што ды як будзе з гуртом. Гэта былі першыя гады новага складу, былі пэўныя сумневы. А як цяпер?
Аляксандр Кулінковіч: Ну, устаканілася ўсё, склад застаўся той жа, тады ён быў малады, а цяпер ужо старэнькі. Таму нічога сур’ёзнага не адбылося. Ну, троху змянілася гучанне, магчыма з-за таго што з’явіліся іншыя інструменты. Ды і мазгі пачалі па-нашаму думаць — усё ж час ідзе і гурт рухаецца.
Еўрарадыё: Але ўсё роўна не ўзнікае жадання сабрацца ў старым складзе і адыграць хаця б адзін канцэрт?
Аляксандр Кулінковіч: Ведаеш, не! Гэта, як пахабная прымаўка пра раку, у якую нельга двойчы ўвайсці. Няма ніякага жадання, няма настальгіі. З узростам і сваім, і гурта пачынаеш разумець людзей, якіх угаворваюць: ну збярыцеся, ну калі ласка! А яны адмаўляюцца, бо нахран гэта камусьці ўпала! Ну, і зноў жа, цяпер музыкі больш прафесійныя, таму да старога складу вяртацца няма жадання.
Еўрарадыё: А да старых песень?
Аляксандр Кулінковіч: Да старых песень вельмі хочацца. Хочацца іх перайграць, паслухаць іх з новым гучаннем. І з некаторымі песнямі мы гэта рабілі. Але некаторыя старыя песні не пайшлі. Адзінае, клавішы! Вось мы гралі некалькі канцэртаў з Максам Івашыным, з клавішамі, гэта было вельмі прыемна, клавішы ўпрыгожвалі.
Еўрарадыё: Ты ўзгадваў пра прыхільнікаў, якія ўгаворваюць… раней у вас быў буйны, вельмі моцны, нават, нечым падобны на футбольны фэн-клуб. Што з ім цяпер?
Аляксандр Кулінковіч: Не, цяпер — няма. Мы чагосьці там пасварыліся, я нават не памятаю ўжо, чаму, і яны самараспусціліся.
Еўрарадыё: Можа, не самае прыемнае пытанне, але пасля нядаўняга не самага ўдалага канцэрту (фронтмэн гурта па натуральных прычынах не вельмі ўпэўнена рухаўся і забываўся на тэксты - заўв. Еўрарадыё) было вельмі шмат рэзкіх і непрыемных выказванняў ад прыхільнікаў у інтэрнэце…
Аляксандр Кулінковіч: Не так ужо і шмат іх было, станоўчых таксама хапала, проста заўважаеш звычайна адмоўнае. Дарэчы, я на сайце ўжо папрасіў прабачэння! Мне насамрэч было шмат у чым пагана, таму я яшчэ раз прашу прабачэння! У нас вельмі шчыльныя стасункі з прыхільнікамі, таму, натуральна, мне вельмі непрыемна і сорамна, што канцэрт сапраўды быў кепскім. Але чаму так атрымалася, ёсць больш глыбінныя тлумачэнні, інтымныя, таму мне б не хацелася іх раскрываць. Але яшчэ раз прашу прабачэння, што такое было, вельмі спадзяюся, што такога больш не паўтарыцца.
Еўрарадыё: Зноў жа, гадоў з пяць таму ты казаў, што бачыш сябе толькі ў Беларусі. Што-небудзь змянілася?
Аляксандр Кулінковіч: У той перыяд (паміж Stasi і “Афтарами правды”) у нас жа было ўсё добра, нас дазволілі. Чаму цяпер прыціснулі да пазногця — абсалютна незразумела. Мы былі зайчыкі белыя і пухнатыя, як уласна кажучы, і ўсе астатнія. Тым не менш, нягледзячы на тое, што не даюць ні жыць ні граць, я з’яжджаць не збіраюся, я тут нарадзіўся, тут і памру.
Еўрарадыё: А колькі назваў вы ўжо змянілі, каб граць канцэрты?
Аляксандр Кулінковіч: Апошнім часам мы ўжо назвы не змянялі, бо тыя, каму трэба, усё дагналі. Нават прозвішча Кулінковіч, якога няма ў спісе, забароненае. Проста гэтага спісу не існуе, ён існуе ў галовах. Таму ён увесь час дадаецца якім-небудзь чарговым уродам.
Еўрарадыё: Чаму ты так упэўнены, што яго няма?
Аляксандр Кулінковіч: Усё вельмі дзіўна атрымалася з гэтым спісам. Калі з’явілася ў інтэрнэце гэтая туалетная паперка… Дарэчы, яна і з’явілася на адкрыта правакацыйным сайце “Хартыя 97”, якому выгадна ўсё, што заўгодна, іх дэвіз: “Чым горш — тым лепш”. Я дапускаю, што гэта яны гэты спіс і склалі, ад іх магу і такога чакаць. Тады ў нас былі здымкі нейкай дзіцячай праграмы. Мы там яшчэ раз выконвалі песню, якую выконвалі з Ксеніяй Сітнік на дзіцячым Еўрабачанні. Мусіў быць эфір, калі з’явілася гэтая туалетная паперка, і мне патэлефанаваў Толік Вечар і сказаў, што рэжысёр часова прыпыніў выхад на ўсялякі выпадак. То бок ніякага спісу ён не атрымліваў, але на ўсялякі выпадак прыпыніў. А хтосьці прыпыніў чыйсьці канцэрт, таксама на ўсялякі выпадак. А трэці чувак паглядзеў, што канцэрт гэтых хлопцаў адмянілі, а значыць, чорныя спісы рэальна існуюць! Дай-ка і я таксама адмяню! Гэта снежны ком.
Еўрарадыё: Не даюць табе рабіць вялікія канцэрты, але якія-ніякія, вы рэгулярна граеце. Дык ці можаш ты, як лідар аднаго з найвядомейшых рок-гуртоў Беларусі, жыць толькі за музыку?
Аляксандр Кулінковіч: Натуральна, не! Я пішу матэрыяльчыкі паціху ў розныя выданні, часта і пад псеўданімам. Але асноўны занятак — праца ў інтэрнэце. Я мадэрую сайт, дайджэст беларускіх навінаў. У прынцыпе, гэта мая асноўная праца.
Пра будучае!)
Еўрарадыё: Давай да альбому, які вы цяпер рыхтуеце. Па-за эфірам ты сказаў, што праца над альбомам пачалася вельмі нестандартна, распавядзі больш падрабязна!
Аляксандр Кулінковіч: Натуральна, мы пачалі яго прыдумваць адразу пасля выхаду “Афтаров правды”, як гэта і бывае на конкурсе “Еўрабачанне” і Алімпіядзе. Пісаліся новыя песні, і палова альбома была гатовая яшчэ ў мінулым годзе зімой. Мы яго вырашылі не запісваць, маўляў, яшчэ песень дапішам, тады ўсё там неяк праявіцца… І тут пачалося! Хтосьці пайшоў у адпачынак, хтосьці захварэў, у кагосьці там нейкія праблемы. У выніку — мы сталі мала рэпетаваць, а калі сабраліся праз паўгода, то ніхто ўжо нічога не памятаў, давялося ўсё наноў рэпетаваць. Карацей, поўная бязглуздзіца. Таму я сваім рашэннем, назначыў дату прэзентацыі 20-21 лістапада, хоць на той момант мы яшчэ ні разу не хадзілі ў студыю. І ўсё! І мы пачалі вельмі хутка рухацца, пачалі пісацца, прыдумляць, рэпетаваць… Па вялікім рахунку, большая частка альбому ўжо запісаная. Бліжэй да прэзентацыі ён будзе зведзены і ўсё іншае… Я разумею, што гэта звышнепрафесійна, але гэта, напэўна, па-нашаму, няхай яно так і будзе.
Еўрарадыё: А чаму змянілі назву? Раней жа казалі, што будзе “Жаба”. Ды яшчэ і на якую змянілі…
Аляксандр Кулінковіч: А ты ведаеш… неяк так! Назва, натуральна, правакацыйная ды мацерная, але сам альбом без мацюкоў! У ім не тое, што мацюкоў няма, у ім нават няма такіх жудасных словаў, як, напрыклад, дзярмо… То бок увесь альбом проста белы і пухнаты! Можа таму, ён і называецца “До..уя советчиков”, бо ён такі. Альбом рознастылёвы, вельмі непадобны на ўсе астатнія, таму нам і будуць казаць, маўляў, я б не так зрабіў, не так запісаў. Дарэчы, наш вэб-майстар прапанаваў назваць яго скарочана “DC”, а на альбоме будзе пісацца “ND/DC”, з маланкай, як AC/DC. А гэты выраз, які з’яўляецца назвай альбома, ён даволі часты ў маім жыцці, як і ва ўсіх, напэўна. Шмат людзей, якія круцяцца вакол цябе і кажуць: “А я б гэта зрабіў не так! А я б гэта не рабіў! А я б гэта не набываў! У мяне ёсць значна лепш! А вось мой стрыечаны брат ведае лепш, ён спецыяліст!” Таму вельмі DC, вельмі DC! Так і з альбомам. А самае дзіўнае, што калі мы нешта там рабілі, то таксама знаходзіліся людзі, якія давалі парады. Нават, наконт назвы DC знаходзіліся людзі, якія казалі, я б так не называў (смяецца).
Еўрарадыё: То бок, нягледзячы на даволі агрэсіўную назву, ён будзе такі лёгенькі?
Аляксандр Кулінковіч: Альбом вельмі лёгкі, на ім толькі адна цяжкая песня —“Козла”, гэта такое крыху перайманне Exploited. А ўсе астатнія песні лёгенькія, большасць вясёленькіх, хоць, дзве песні ёсць вельмі сумныя. Па стылі таксама розныя: адна — нехарактэрная для нас боса-нова, другая — практычна, дыска. Хутчэй за ўсё, будзе 15 песень, але адна з песень альбома мне вельмі не падабаецца. А ўлічваючы, што з пэўнага часу я не п’ю і вельмі злы, то цалкам магчыма, што я яе адтуль выкіну. Але пакуль 15 песень.
Еўрарадыё: А ёсць на дыску песня, якую ты б паставіў у шэраг “Можна жыць”, “Резиновый дом”? Якія ты сам калісьці называў самымі хітамі “Дзюбеля”.
Аляксандр Кулінковіч: Будзе некалькі песень, якія безумоўна стануць хітамі, безумоўна! Першая песня на альбоме — “Раз, два, три”, якую ўжо маглі чуць на апошніх нашых канцэртах, я перакананы, моцна ўвойдзе ў мазгі і плэеры да людзей.
Еўрарадыё: А на мове ёсць што-небудзь?
Аляксандр Кулінковіч: На мове, на жаль, толькі адна песня.
Еўрарадыё: Чым далей ад вашага цалкам беларускамоўнага альбома, тым менш песень на мове, чаму?
Аляксандр Кулінковіч: Бо змянілася атачэнне! Падчас напісання “Танкаў” навокал былі ў асноўным беларускамоўныя людзі. Тады ж я зачытваўся Караткевічам. Неяк яно і думалася па-беларуску. А потым гэтых людзей станавілася менш і менш, асабліва пасля візіту да Праляскоўскага. Не таму, што нас палічылі здраднікамі, проста так атрымалася. Нас перасталі запрашаць у Польшчу, а там таксама ўсе былі беларускамоўнымі. Гэта не таму што я не хачу пісаць па-беларуску, проста мне не падабаецца пісаць са слоўнікам. Я ведаю людзей, якія пішуць са слоўнікам і крыху імі пагарджаю. Пісаць трэба на той мове, на якой ты думаеш, у гэтым альбоме я думаў на рускай. Але гэта ніякай ролі не грае… я вельмі люблю сваю Беларусь на любой мове.
Еўрарадыё: Дзе будзе прэзентацыя?
Аляксандр Кулінковіч: Дзе — не скажу (усміхаецца)! Дадам лепш, што яшчэ будзе на альбоме незвычайнага. У “Афтарах правды” была песня “Ленін”, яна была і на беларускай і на рускай мовах. У ў альбоме “DC” бонусам будзе песня на мелодыю, якая ўжо гучала ў альбоме, але з зусім іншым тэкстам. Мы яе прыдумалі толькі на днях. На альбоме будзе такая ўзнёслая песня “Алкогольный чих”, а бонусам будзе падкладзеная іншая галасавая дарожка. Тэкст цалкам зменіцца і называцца песня будзе “Бифидокефир”, дыетычны бонус (усміхаецца). Мы проста ў студыі запісвалі песню, а бубнач піў біфідакефір і неяк прыйшло ў галаву, што “бифидокефир” вельмі добра кладзецца на прыпеў замест “алкогольный чих”.
Пра сучаснасць!)
Еўрарадыё: Так часта здараецца, што маладыя беларускія рок-музыкі нічога не ведаюць ні пра Neuro Dubel, ні пра “Краму”, ні пра “Палац”, ні пра N.R.M… А ці ведаеш ты маладых прадстаўнікоў беларускай рок-сцэны?
Аляксандр Кулінковіч: Не, ты ведаеш, не! І, у прынцыпе, мяне не цікавіць. Напэўна, у нас гэта ўзаемна, як іх не цікавіць Neuro Dubel, так і яны не цікавяць мяне. Я не лічу сябе старым чалавекам, але калі параўноўваць з 20-гадовымі, то… зусім розныя мазгі, зусім розныя зацікаўленасці… Са мной пра музыку ўвогуле складана размаўляць, бо я, па-першае, не тусовачны чалавек, я рэдка з’яўляюся на мерапрыемствах, на якіх збіраюцца нават блізкія мне людзі. Па-другое, я ў прынцыпе недалюбліваю музыку!
Еўрарадыё: Але ты прыйшоў на інтэрв’ю, і нешта слухаў у плэеры… што?
Аляксандр Кулінковіч: Ministry.
Еўрарадыё: Ну, слухаеш жа плэер, значыць, не недалюбліваеш…
Аляксандр Кулінковіч: Не, я слухаю музыку, якую я слухаў дзесяць гадоў таму, і якая для мяне ўжо не музыка, а свет у вакенцы ды карціна на сцяне. Збольшага, мае музычныя прыхільнасці так і не змяніліся за апошнія дзесяць гадоў. Я адкрыў для сябе толькі адзін гурт, які мне вельмі спадабаўся, фінскі калектыў Coffinshakers. Цудоўныя хлопцы, рок-н-рольшчыкі, ракабільшчыкі, якія спяваюць пра чарнуху, усялякіх вампіраў, ваўкалакаў… вельмі весела, вельмі раю. “Трунатрасы” перакладаецца, калі не памыляюся! А так, нічога новага: Ministry, Dead Kennedys, Rammstein, Motorhead, Ніна Хаген…
Еўрарадыё: Калі не памыляюся, у Варашкевіча сын цяпер грае ў нейкім гурце, у Міхалка сын таксама дзесьці грае, а твой? Няма жадання працягнуць дынастыю?)
Аляксандр Кулінковіч: Ні ў якім разе! Гэта сабачая праца! У заняцці музыкай няма перспектываў ні маральных, ні фінансавых — ніякіх. Гэта дурная праца і я буду вельмі незадаволены, калі ён пачне займацца музыкай.
Еўрарадыё: Цікавая пазіцыя! Былі чуткі, што вы здымаеце нейкі кліп.
Аляксандр Кулінковіч: Мінулай зімой мы збіраліся зняць кліп, але па тэхнічных прычынах не знялі. Усё неяк вельмі хутка растаяла (усміхаецца), а нам абавязкова быў патрэбны снег. Проста адзін добры хлопец нам прапанаваў зняць кліп у Сілічах: Neuro Dubel супраць снегавікоў-забойцаў!(смяецца) Карацей, нападаюць снегавікі-забойцы, а мы на скутэрах, ці як там гэтыя снегаходы называюцца, з імі змагаемся. Але паўзімы было вельмі марозна і не было як гэтых снегавікоў зляпіць, а потым усё рэзка растала. Таму ідэю са снегавікамі-забойцамі давялося адкласці на гэтую зіму. Таму, напэўна, паспрабуем зняць кліп гэтай зімой, на песню “Козла”.
Філасофія ад Кулінковіча
Еўрарадыё: Ну, і нарэшце крыху хацелася б пачуць такіх філасофскіх разважанняў ад разумнага чалавека. Беларусы, падаецца, ніколі нікому нічога дрэннага не рабілі, а чаму мы ў лайне жывем?
Аляксандр Кулінковіч: Ой, не ведаю нават, што і адказаць..! Чаму адразу ў лайне, хутчэй — у балоце. Я лічу, што гэта выключна экалогія: вятры з Палесся — дурныя, дзьмуць з балотаў і ўсіх заражаюць гэтым. Проста, калі жывеш у балоце, то ўжо збольшага і незразумела, што ў цябе ў майтках.
Еўрарадыё: А на тваю думку, гэта калі-небудзь зменіцца?
Аляксандр Кулінковіч: Не, ніколі! Так беларусы заўсёды і будуць жыць. Хіба толькі ўсе разам пераедуць у іншую краіну. Калі вятры з Палесся дзьмуць перастануць, тады ўсё зменіцца, а так — нічога не зменіцца. Моцна могуць змяніцца самі людзі, але гэта некалькі стагоддзяў. Тое, што цяпер адбываецца, гэта цяжкая спадчына царскага рэжыму. Проста людзі прызвычаіліся, што за іх усё вырашаюць. Прыгоннае права адмянілі не так даўно. Сяляне, якіх была большасць, прызвычаіліся, што за іх усё вырашаў пан. Потым яны раптоўна сталі вольнымі і адбылася рэвалюцыя, і зноў за іх пачалі ўсё вырашаць, толькі іншыя. Потым савецкай улады не стала, і прыйшоў прэзідэнт, які таксама за ўсіх усё пачаў вырашаць… Вось і ўсё, а насамрэч, усё цягнецца ад царызму. Уключылі “Лявоніху”, значыць трэба яе слухаць. А чаму жанчыны так мараць выйсці замуж? Каб быў муж, які будзе за іх усё вырашаць. Як за мураванай сцяной! Значыць, ён за мяне ўсё вырашае, і гэта станоўчая рыса. А жанчыны — гэта ўжо палова насельніцтва! Так што ўсё нармальна! А дадаць сюды яшчэ і вецер з Палесся... Вось такія беларусы.
Еўрарадыё: Вось на гэтай пазітыўнай ноце…
Аляксандр Кулінковіч: Вельмі пазітыўнай, гэта праўда! Усё выдатна, хлопцы!
Еўрарадыё: Ёсць якія канцэрты бліжэйшыя?
Аляксандр Кулінковіч: На жаль, не! Як сказаў наш гітарыст на апошнім канцэрце: “Заходзь на neurodubel.com, не будзь я..ным му..аком!”