Латушка: У чэрвені адкрыем Нясвіжскі замак і прымем 300 тысяч наведнікаў
Афіцыйнае адкрыццё Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу адбудзецца ў сярэдзіне чэрвеня.
Пра гэта паведаміў міністр культуры Павел Латушка.
Латушка: "Самай галоўнай падзеяй гэтага года, безумоўна, стане адкрыццё ў чэрвені рэзідэнцыі Радзівілаў — Нясвіжскага замка, унікальнага аб'екта, унесенага ў Спіс спадчыны ЮНЕСКА. Мы плануем, што гэты аб'ект у гэтым годзе наведае больш за 300 тысяч чалавек. Трэба адзначыць, што пасля завяршэння рэстаўрацыі Мірскага замка даходы ад наведвання замка выраслі ў мінулым годзе ў 8 разоў".
Нагадаем, што капітальная рэканструкцыя Нясвіжскага замка суправаджалася скандаламі. Спачатку будаўнікі зруйнавалі цэлую трохпавярховую галерэю замка ды аднавілі яе з сучаснай цэглы. Потым начапілі на замкавую вежу “цыбуліну”. Па словах абаронцаў помніка, было знішчана шмат аўтэнтыкі: ляпніна, паркет, некаторыя печы, перакрыцці. Усё гэта аднаўлялася з гіпсакардону.
Фота з архіву Еўрарадыё: Так праходзіла рэканструкцыя замка.