Лепшыя беларускія ровары на 99% зробленыя з замежных дэталяў
Вытворцы кажуць, што на добрыя продажы паўплывала будаўніцтва дарожкі ўздоўж Свіслачы.
Еўрарадыё заўважыла, што кошты на беларускія горныя ровары “Аіст” вышэйшыя, чым на ровары сусветна вядомых брэндаў. Разгадка простая – яны збіраюцца з імпартных дэталяў.
“Шматхуткасныя, на алюмініевых рамах, збіраюцца з кампанентаў, прывезеных у краіну з Азіі, з Еўропы. Па сутнасці, ўсе шматхуткасныя ровары, горныя, шасэйныя, яны ва ўсім свеце збіраюцца на 99% з дэталяў, зробленых у Азіі”, -- расказвае інжынер-канструктар “Мотавела” Сяргей Хамічэнка.
Фота з сайта motovelo.by
Пакрышкі Kenda, абады Weinmann, тармазы Promax TX-121, “вілка” Suntour SF9… Але, чаму тады такія ровары па-ранейшаму называюцца “Аістамі”?
“Што значыць “Аіст”? Гэта значыць, што мы распрацавалі ровар, распрацавалі раму. Знайшлі вытворцу рамы, для нас яе зрабілі. І ўжо на аснове рамы мы збіраем гэты ровар. Яна – гэта сэрца ровара. Гэта тое, што адрознівае ровар аднаго вытворцы, ад ровара іншага. Аднолькавых рам не бывае”.
На думку інжынера-канструктара “Мотавела”, на добрыя продажы ровараў у Мінску паўплывала... будаўніцтва роварнай сцежкі.
“Шмат хто пачаў ездзіць на ровары на працу і вучобу. Калі будуць працягваць у тым самым кірунку – зносіць бардзюры на скрыжаваннях, размячаць сцежкі на ходніках – то будзе яшчэ больш ровараў. Гэта бачна па вопыце Вільні, Рыгі, іншых гарадоў”.
“Мотавела” дагэтуль выпускае і звычайныя “Аісты”, якія мы памятаем з дзяцінства. Яны на 90% беларускія. Каштуюць каля мільёна рублёў. Імпартныя – толькі пакрышкі, ручкі на стырне і катафоты. За месяц на “Мотавела” робіць 17 тысяч такіх ровараў, дзве траціны адпраўляюць на экспарт.
Знайсці беларускі ровар у мінскіх крамах зусім не проста. Калі толькі ў фірмовай пры заводзе, ды дзяржаўных спорттаварах. Прыватныя спрэс забітыя роварамі сусветных брэндаў – Trek, Giant, Spеcialized і іншымі. У сярэднім гэтыя мадэлі каштуюць нават менш, чым новыя “Аісты” – каля 3 мільёнаў рублёў. Цана на “горнік” ад “Мотавела” -- больш за 3 з паловай мільёны.
“Зараз толькі адна не самая бюджэтная мадэль. Былі, але іх хутка разабралі – напэўна, партыя была невялікая выпушчаная. Зараз толькі МТ 12-118, каштуе 3 мільёны 500 тысяч. Былі іншыя, больш танныя мадэлі”, -- расказваюць у фірмовай краме “Мотавела” ў Мінску.
А прадаўшчыца магілёўскай крамы “Мотавела” нават не зразумела, пра што ідзе гаворка. Маўляў, людзі ў нас бедныя, набываюць самыя простыя ровары.
Уладальнікі невялікіх прыватных крамаў гандляваць беларускімі роварамі не хочуць. Як даведалася Еўрарадыё, яны самі завозяць у краіну дэталі, з якіх збіраюць ровары на месцы. Па сутнасці, робяць тое самае, што і “Мотавела”. Адно, што прадаюць ровары сусветных брэндаў, а не “Аісты”.
“Што значыць “Аіст”? Гэта значыць, што мы распрацавалі ровар, распрацавалі раму. Знайшлі вытворцу рамы, для нас яе зрабілі. І ўжо на аснове рамы мы збіраем гэты ровар. Яна – гэта сэрца ровара. Гэта тое, што адрознівае ровар аднаго вытворцы, ад ровара іншага. Аднолькавых рам не бывае”.