Лэслі Найф: Дыктатуры рушацца, а метал жыве!

111114 Malina Gods Tower.mp3

"Першы раз я быў на Gods Tower у 1996-м годзе, а зараз 2011, за 15 год нічога не змянілася. Так, як было класна, так яно і ёсць!” – натхнёна кажа наведвальнік мінскай прэзентацыі альбома “Steel Says Last”. - Яны проста афігенныя. У свеце яны рэальна першы эшалон!"

Іншага кшталту каментарыяў сярод прысутных на канцэрце легендарнага металічнага гурта Gods Tower у мінскім клубе Re:Public чуць не давялося. Усе былі ў захапленні.

"Сумнявацца ў тым, што такое Gods Tower, не трэба! Гэта самы лепшы металічны гурт нашай краіны, яшчэ адна з візітовак Беларусі, – дзеліцца ўражаннямі шоўмэн ды спявак Аляксандр Памідораў, які разагрэўся настолькі, што скокнуў проста са сцэны на шчупленькіх хлопчыкаў і дзяўчат, якія ад нечаканасці кінуліся ўбок і замест таго, каб падхапіць Памідорава, далі яму спікіраваць на падлогу. – Гэта фірмовы почырк, гэта фірмовы стыль... Хлопцы калісьці казалі, што будзе выданне вось гэтага альбому і на гэтым канец. Мне так падаецца, што на гэтым канца не будзе, бо гэта жывы склад, які дае перфект-канцэрты. Гэта ўзор! Ёсць толькі дзве каманды ў свеце, паводле маіх ведаў, пачынальнікі пэган-металу, якія пачалі адначасова – гэта беларускі Gods Tower і фінскі Amorphis".

Нагадаем, што гурт Gods Tower знаходзіўся ў творчым адпачынку цягам амаль 10 год, з 2001-га. Пры гэтым быў замарожаны на той час ужо амаль гатовы альбом “Steel Says Last”, які і быў выдадзены днямі. З новай праграмай музыкі ўжо праехаліся з невялічкім турам па Украіне ды Малдове, пасля чаго лідар калектыву Лэслі Найф прызнаўся, што зноў адчуў сябе сапраўдным “балотным” металістам і яму падабаецца такое жыццё. Таму і сапраўды казаць пра тое, што Gods Tower выдалі альбом, якім канчаткова развітаюцца з прыхільнікамі, не даводзіцца.

“Мне падаецца, што Gods Tower абсалютна на ўздыме, можна сказаць, што яны перажываюць другую маладосць, – каментуе выступ музыкаў куратар партала "Тузін Гітоў" Сяргей Будкін. – Ножык (вакаліст Лэслі Найф - заўв. Еўрарадыё) тут на сцэне сказаў, што год таму яны крытычна ставіліся да рэюніана, але зараз зразумелі, што гэта не так. Я абсалютна з гэтым згодны, бо той Gods Tower, які я чуў 12 год таму, ён перада мной і зараз".

Gods Tower некалькі разоў выклікалі на біс, і калі б не абмежаваны час, то гэта магло б цягнуцца вечна. Калі ўсё ж канцэрт скончыўся, Лэслі яшчэ з гадзіну хадзіў сярод прыхільнікаў, фоткаўся і раздаваў аўтографы, прыгаворваючы: “Дыктатуры рушацца, а метал жыве!”

"Сёння быў напэўна самы лепшы канцэрт Gods Tower, які я з імі граў, – кажа самы малады ўдзельнік калектыву гітарыст Зміцер Лазарэнка. – Сёння было афігенна! Мора пазітыву! Мне гэта так падабаецца, гэта так кайфова".

Фота: GlucTim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі