Летнік у Крэве запрашае археолагаў-аматараў
1 ліпеня ў вёсцы Крэва Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці пачаў працу валанцёрскі летнік “Крэўская унія-2011”.
Летнік арганізаваны мясцовым дабрачынным фондам “Крэўскі замак”. Кожны ахвочы ў любы зручны час можа далучыцца да працы летніка і такім чынам паспрыяць добраўпарадкаванню тэрыторыі вакол адной з турыстычных адметнасцяў Беларусі.
Апроч таго праграма летніка прадугледжвае рэгенерацыю старых крэўскіх могілак, вывучэнне стану забудовы Крэва, збор вуснай гісторыі, майстра-класы. Так, з 18 па 31 ліпеня падчас летніка адбудуцца археалагічныя раскопкі з удзелам спецыялістаў з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, паведамляе “Наша ніва”.
13–14 жніўня валанцёры, месцічы і госці вёскі стануць удзельнікамі рэгіянальнага фестывалю "Крэўскі кірмаш", які сумясціць фальклёрныя традыцыі Беларусі і сучасныя авангардныя плыні мастацтва. Падчас фестывалю выступяць сярэднявечны шэльмоўскі тэатр "ДыГрыза" і гурты "Квецень", "Князь Мышкін", "Нагуаль", "Рацыянальная дыета" ды іншыя. Ахвочыя здолеюць наведаць майстар-класы па народных танцах, гульнях і спевах. Паралельна адбудзецца рамесніцкі кірмаш і кірмаш спажывецкіх тавараў.
Месца пражывання валанцёраў — намётавае мястэчка.
Летнік працягнецца да 15 жніўня.