Ліпковіча могуць асудзіць за знявагу дзяржаўнага сцяга ў блогу
Крымінальную справу пачала Генеральная пракуратура.
Як даведалася інтэрнэт-газета "Ежедневник", справа была распачатая яшчэ 20 траўня. На днях з Генпракуратуры яе перадалі ў сталічную міліцыю.
Нагодай для крымінальнай справы стала нібыта тое, што на старонцы Lipkovich.livejournal.com летась 25 верасня і 5 траўня сёлета былі абразлівыя малюнкі, зробленыя з дапамогай фотамантажу.
У інтэрв'ю Еўрарадыё блогер Яўген Ліпковіч заявіў, што пра крымінальную справу даведаўся ад "Ежедневника":
Ліпковіч: “Карэспандэнтка мне сказала: іх крыніцы паведамілі, што пракуратура пачала крымінальную справу па факце размяшчэння ў інтэрнэце фотакалажа са здзекам з дзяржаўнай сімволікі па артыкуле 370. Я не ведаю, што мае на ўвазе пракуратура”.
Па словах блогера, зараз высвятленнем справы займаецца яго адвакат.