Літоўскі гіпермаркет: Беларусы скупляюць цукеркі, шампанскае і свіныя ногі

“У Вільні бываю раз на тыдзень. І ў вольны час заўсёды закупаюся ў мясцовых гіпермаркетах. Заўсёды набываю каву, бо яна там танней, чым у нас. А таксама рыбныя вырабы. Бывае калі-нікалі яшчэ сыры”, — распавядае Еўрарадыё мінчанін Міхась.

Цяпер, калі з новага года ў Літве можна будзе вяртаць tax free і за прадукты, Міхась будзе яшчэ больш пільна глядзець: чым і наколькі выгадна можна харчавацца.

“Як шмат набываюць, не магу дакладна сказаць, мы не лічылі. А што набываюць, ведаеце, каб вас не пакрыўдзіць, напэўна тое, чаго яшчэ няма ў Беларусі”, — распавядае Еўрарадыё мэнэджар віленскага гандлёвага цэнтра “Акропаліс” Чэславас Урбанавічус.

І дзеліцца сваімі назіраннямі на тэму гастранамічных густаў беларусаў: набываюць далікатэсы альбо тое, што можна даўжэй захоўваць у лядоўні. Гэта могуць быць замежныя цукеркі, французскае шампанскае. Нехта мясамалочную прадукцыю, ну, а нехта… вялікія свіныя ногі з Іспаніі.

Нерэальных чэргаў з-за tax free “на каўбасу” у Акропалісе не баяцца.

Чэславас Урбанавічус: “Ведаеце, на святы можа быць. А так у нас ёсць 42 касы. Я не думаю, што будзе вялікі дыскамфорт”.

Кампанія Global blue дапамагае вяртаць tax free. Прадстаўнік кампаніі ў Літве Дзяніс Грынявічус кажа, што працэдура афармлення tax free пры набыцці тэлевізара ці палкі каўбасы не будзе адрознівацца.

Дзяніс Грынявічус: “Будзе тое ж самае: сума пакупак у адным такс-фры чэку мусіць быць не менш за 200 літаў (77 долараў). Таксама раней быў адзін касавы чэк — адзін такс-фры бланк. А цяпер, калі ў адзін дзень у адной краме зроблена некалькі пакупак, то іх сума можа лічыцца разам”.

На дадзены момант дакладна будуць вяртаць Tax free буйныя крамы Maxima (адна з якіх знаходзіцца ў вышэй узгаданым “Акропалісе” – заўв. Еўрарадыё), Rimi і Prizma.

Але таксама скарыстацца такой паслугай можна будзе і пасля пакупкі тавараў у фізічных асобаў, якія плацяць падатак на дабаўлены кошт.

Па словах Дзяніса Грынявічуса, вяртанне tax free за прадукты дазволіць Літве канкураваць з краінамі, дзе гэта даўно робяць: з Латвіяй, Эстоніяй, Польшчай, Фінляндыяй. Праўда, не так часта, як хацелася б…

Фота: cleanhouse.lv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі