Літоўскія мытнікі бралі 20-40 літаў хабару з беларускіх кіроўцаў

Масавыя затрыманні літоўскіх мытнікаў на літоўска-беларускім прапускным пункце 5 снежня замарудзілі яго працу і расцягнулі чаргу з аўтамабіляў на 10 км. Віруе самая вялікая антыкарупцыйная справа ў гісторыі Літвы, затрыманы кожны трэці службовец на памежным пераходзе Каменны Лог —  Мядзінінкай. Менавіта тут  у 1998 г. Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з былым літоўскім прэзідэнтам Адамкусам.

"Кагосьці арыштавалі на працоўным месцы, кагосьці — адразу па іх прыбыцці на працу, некаторых — у сябе дома. Усяго па крымінальнай справе аб хабарніцтве і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі будуць праходзіць больш за 30 памежнікаў перахода Мядзінінкай", — вынікі маштабнай антыкарупцыйнай аперацыі паведаміў дырэктар Мытнага камітэта Антанас Шыпавічус (Antanas Šipavičius).

Паводле інфармацыі следства, кіроўцы грузавых аўтамабіляў, што ехалі праз беларуска-літоўскі памежны пераход Каменны Лог — Мядзінінкай, разам з дакументамі перадавалі літоўскім службоўцам 20-40 літаў, ці каля 100 тысяч беларускіх рублёў. Кіроўцы добра ведалі: калі не "залагодзіць" мытнікаў, то яны будуць шукаць парушэнні і праводзіць доўгую праверку аўтамабіля. Дадатковая сума, памер якой мог вагацца і афіцыйнымі асобамі пакуль не паведамляецца, бралася, калі раптам пры праверцы дакументаў службоўцы знаходзілі нейкую памылку.

"Існавала непісаная сістэма: самі кіроўцы ўжо ведалі, што ім рабіць і што будзе, калі гэтага не зробіш", — паведаміў чыноўнік літоўскага Мытнага камітэта Гедрус Цынінас (Giedrius Cininas).

Ці дзяліліся сваім прыбыткам памежнікі з сваімі начальнікамі, кіраўнікі Мытнага камітэта пакуль не ведаюць. Адна з мэтаў крымінальнай справы — знайсці ініцыятараў карупцыйнай сістэмы і высвятліць, ці існавала схема размеркавання грошай. Старшыня Мытнага камітэта прызнае, што карупцыя памежнікаў — не таямніца.

Антанас Шыпавічус: "Гэта — вялікая праблема, асабліва на памежных пунктах з Беларуссю і Расіяй. Але не магу казаць, што карупцыі няма на ўнутраных мытных пунктах ці водных партах".

Падлічана, што затрыманыя памежнікі зараблялі каля 2000 літаў, ці каля 600 еўра, у месяц. За працоўную змену збіралі каля тысячы літаў хабару. Сама праверка аб хабарах на беларуска-літоўскім памежным пункце доўжылася чатыры месяцы. Ужо даўно ў літоўскі Мытны камітэт паступалі скаргі і ад арганізацый перавозчыкаў, і бізнесоўцаў, і ананімныя паведамленні ад кіроўцаў.

Згодна са словамі прадстаўнікоў Мытнага камітэта Літвы, спярша намагаліся вырашыць праблему "мірнымі" спосабамі: спрабавалі праводзіць ратацыю службоўцаў, пераводзіць у іншыя памежныя пераходы, рабіліся візіты чыноўнікаў на памежны пункт і мытнікам тлумачылі пра магчымыя наступствы патэнцыйнай карупцыйнай справы. Усё гэта не дапамагло.

Антанас Шыпавічус: "Уся гэтая праца не прынесла вынікаў. Мы ўжылі усе метады кантролю, але  станоўчага выніку так і не дачакаліся. Тады прынялі рашэнне пайсці на крайнія меры крымінальнага пераследу".

Цяпер за хабарніцтва і злоўжыванне службовым становішчам дзеля прыватнага ўзбагачэння мытнікам пагражае да 7 гадоў зняволення. Мытны камітэт мае намер запрасіць падтрымкі іншых інстытуцый, у тым ліку падатковай інспекцыі, якая праверыць абвінавачаных у карупцыі службоўцаў на наяўнасць шыкоўных аўтамабіляў і дарагіх дамоў.

Здымак: VSAT

Заўвага: памылковыя згадкі памежных органаў Літвы ў першапачатковым артыкуле змененыя на мытныя органы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі