Loreen: Для мяне вельмі важная праца з правамі чалавека

Еўрарадыё: Ларын, якая наступная кар'ерная мэта пасля перамогі на Еўрабачанні?

Loreen: Стварыць альбом, які прадставіць мяне, нас, жыццё, штосьці захапляльнае. Дарэчы, я працую над ім у гэтую самую хвіліну. Я, уласна, выйшла са студыі, каб паразмаўляць з вамі.

Еўрарадыё: Твае бацькі паходзяць з Марока. Наколькі на пераможны нумар паўплывалі мараканскія музычныя і танцавальныя традыцыі?

Loreen: Паўплывала тое, як мы адчуваем музыку і жыццё. Мы вельмі паважаем прыроду музыкі, а яна мае вельмі вялікую моц. Калі я спявала “Эўфарыю”, то вельмі добра гэта сабе ўсведамляла. У маленстве я часта ездзіла ў Марока, штолета, а часам і ўвосень. Марока шмат чаму мяне навучыла, гэта краіна вельмі адрозніваецца, часам, абсалютна адрозніваецца ад Скандынавіі. Гэта дало мне больш шырокі погляд на рэчы, магчымасць разумець розныя культуры.

Еўрарадыё: Ты фанатка ёгі. Можа, яна неяк паўплывала на Эўфарыю?

Loreen: Паўплывалі не пэўныя рухі ёгі, але сам тэмп, плыткасць. Калі на сцэне танчаць пяцёра, гарыць вялікае святло, то гэта надае вялікі тэмп, нервовасць. Я ж хацела зрабіць нумар у замаруджаным тэмпе, каб людзі змаглі перапрацаваць, адчуць інфармацыю. Вось у гэтым ёсць нешта ад ёгі.

Еўрарадыё: А што больш за ўсё падабаецца ў ёзе – фізічныя практыкаванні, дыхальныя практыкі?

Loreen: Для мяне найбольш важная рэч – медытацыя, магчымасць паглядзець унутр сябе. Самі рухі мне даспадобы, гэта кшталту тай-чы, але найважней – медытацыя. Сёння ў чалавечым грамадстве шмат нервовасці, шмат чаго творыцца навокал. Варта ўмець узяць кантроль над сваім жыццём, угледзецца ўглыб, каб вызначыць, чаго рэальна хочаш.

Еўрарадыё: На жаль, беларускім выканаўцам не вельмі шанцуе на Еўрабачанні. Ці ёсць нейкая парада, як перамагаць?

Loreen: Галоўнае – быць шчырым перад сабой, любіць тое, што робіш. Калі песня напісаная табой, ці нумар — частка цябе... Калі я гляджу на артыста, то хачу ўбачыць праўду, тое, што ідзе знутры. У наступным годзе, калі будзеце выступаць, то знайдзіце артыста, які ці якая, перадусім, шчыры перад сабой, вельмі любіць і адчувае тое, што робіць. Вось гэта, на мой погляд, вельмі важна.

Еўрарадыё: Ларын, а як тваё прыватнае жыццё. У цябе ёсць каханак?

Loreen: Не, цяпер я не кахаю кагосьці канкрэтнага. Калі вы пытаеце, ці вольная я, — так! (смяецца). Адносіны — гэта адказная рэч, якая вымагае часу. А калі яго не хапае, то лепей пачакаць.

Еўрарадыё: Месяц таму ты наведвала Беларусь. Якія ўражанні засталіся?

Loreen: Для мяне не столькі важна наведваць турыстычныя мясціны, колькі глядзець на пачуцці людзей. Я правяла ў Беларусі вельмі кароткі час, але адзначыла прыязнасць і дабрыню беларусаў. Людзі доўга стаялі пад маім гатэлем, прасілі з імі сфатаграфавацца, і я гэта вельмі цаню.

Еўрарадыё: Падчас свайго візіту ў Беларусь ты таксама сустрэлася з беларускімі актывістамі ў шведскай амбасадзе. А нядаўна шведы зрабілі скандальную акцыю, раскідаўшы цацачных медзведзянят над Беларуссю з самалёта ў падтрымку свабоды слова. Абарона правоў чалавека – гэта нешта вельмі ўласцівае шведам, так?

Loreen: Што я думаю пра медзведзянят? Перш за ўсё, я лічу, што справы трэба вырашаць мірным дыпламатычным шляхам, мець самапавагу. Часам, і правакацыі могуць быць добрымі, калі яны мірныя і добра прадуманыя. Для мяне праца з правамі чалавека – вельмі важная. Я добра жыву, і хачу каб людзі навокал мелі такую ж магчымасць. І ўзаемная павага – вельмі важная рэч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі