Віцебскі апазіцыянер Сяргей Каваленка памілаваны і выйшаў на волю
Вязня выпусцілі з магілёўскай калоніі 26 верасня каля 20:00 і пасадзілі на цягнік да Віцебска. А на вакзале ў родным горадзе яго сустрэлі жонка, сын і сваякі.
Першае інтэрв'ю Сяргея Каваленкі на волі:
Каваленка: Прашэнне аб памілаванні падпісаў без раскаяння і прызнання віны
Больш за год зняволення Сяргей Каваленка адбыў за парушэнне ўмоваў “хатняй хіміі”. У чэрвені актывіст КХП-БНФ напісаў прашэнне аб памілаванні, якое задаволіў Аляксандр Лукашэнка.
Па звестках Сяргея Каваленкі, 26 верасня на волі мусіць апынуцца і Павел Сырамалотаў, асуджаны па “справе анархістаў”. Павел быў арыштаваны ў студзені 2011 года за спробу падпаліць бабруйскі КДБ, а ў ліпені таксама напісаў прашэнне аб памілаванні.
Сам жа Сяргей Каваленка 24 лютага 2012 года быў асуджаны на 2 гады і 1 месяц калоніі агульнага рэжыма. З улікам часу, які ён ужо правёў за кратамі, яму заставалася сядзець 1 год 11 месяцаў. "Хатнюю хімію" апазіцыянеру прысудзілі за вывешаны два гады таму ў Віцебску на галоўнай ёлцы горада бел-чырвона-белы сцяг.
Фота: news.vitebsk.cc.