Лукашэнка тлумачыць дзяржаўную палітыку "на кошках"
Еўрарадыё вылічыла любімы афарызм кіраўніка дзяржавы.
Лукашэнка 6 (!) разоў казаў пра "котку, якая ловіць мышэй, і ўсё роўна, якога яна колеру".
Словы рэфарматара і дзеяча Камуністычнай партыі Кітая прамаўляюцца ім у самых розных сітуацыях. Прычым, спачатку прэзідэнт прыпісвае гэту фразу «пісьменнікам, разумным людзям». Адбываецца гэта ў 2003 годзе ў гутарцы пра саюзныя адносіны:
"Пісьменнікі, разумныя людзі заўсёды казалі: ну і што, якога колеру кошка, абы мышэй лавіла".
… у 2005 годзе, зноў кажучы пра эканамічны саюз Расіі і Беларусі:”Вы проста не ведаеце, што ў нас сёння акцыянерныя таварыствы вырабляюць, па–мойму, больш за палову ўсёй прадукцыі. Але справа нават не ў гэтым. Некалі Дэн Сяопін сказаў: “Якая розніца, якога колеру кошка, абы мышэй лавіла”.
.. у 2007 годзе, адказваючы на пытанне пра эканамічную мадэль Беларусі:
"Мы ўсведамляем, у якім кірунку развіваецца свет, і мы не збіраемся заставацца на ўзбочыне гэтага развіцця, але пры гэтым мы захаваем асаблівасці нашай эканомікі, сацыяльную абароненасць нашых людзей. Мы зыходзім з таго, што не важна якога колеру кошка, абы мышэй лавіла".
…і нават калі кажа пра калгасы ў гутарцы з Ельцыным:
"Ельцын - "Як?! У цябе і калгасы, і саўгасы яшчэ захаваліся? Трэба ўсё раздаць". Я кажу: "Ды не, Барыс Мікалаевіч, ну паглядзі, якія палі добрыя, апрацаваныя. Якая розніца, якая котка, - абы мышэй лавіла".
…а ў 2011 і 2012 кантэкст выкарыстання фразы зусім не змяняўся. Напрыклад, у Пасланні парламенту 21 красавіка 2011 года:
"Мы ніколі не супрацьпастаўлялі дзяржаўную і прыватную формы ўласнасці. Якая б ні была форма ўласнасці, галоўнае, каб яна эфектыўна працавала на карысць грамадству. Як казаў Дэн Сяопін: «Не важна, якога колеру кошка, чорнага, белага, важна, каб яна лавіла мышэй». Такую палітыку праводзім і мы".
…і на нарадзе пра прыватызацыю 30 сакавіка 2012 года:
"Мы ніколі не супрацьпастаўлялі дзяржаўную і прыватную формы ўласнасці. Як казаў кітайскі палітык і рэфарматар Дэн Сяопін, не важна, якога колеру кошка, чорнага ці белага, важна, каб яна лавіла мышэй. Іншымі словамі - важны вынік".
Еўрарадыё пашукала, каго яшчэ з вядомых людзей цытуе Лукашэнка: Маркс, Кант, Гарбачоў, Пліній, Канфуцый….
Кажучы пра ідэалогію, прэзідэнт цытуе заснавальніка камунізму Маркса:
"…мы маладая суверэнная дзяржава…Хто мы такія, адкуль, якія нашы мэты, як мы будзем дасягаць іх, якія нашы каштоўнасці? Усё прапісаць для таго, каб гэта, кажучы словамі класіка, магло авалодаць масамі. Я яшчэ раз хачу сказаць, што ідэалогія — гэта імунная сістэма, якая абараняе грамадства ад унутраных і зеншніх пагроз". (2003 год)
…а характарызуючы беларускаю апазіцыю, цытуе Леніна пра дзекабрыстаў.
"Выконвайце, як усе, заканадаўства, і ніхто не зможа адмовіць вам у рэгістрацыі ці перашкодзіць працаваць. Асноўная прачына у іншым. Як казаў класік, страшна далёкія яны ад народа, ад рэальных праблем людзей!" (2009)
"Калі супастаўляеш тое, што адбываецца ў жыцці, з гутаркамі пра несумяшчальнасць беларускай і расійскай эканомік, то пераконваешся, што страшна далёкія яны ад народа, кажучы словамі класіка. Якая ж тут несумяшчальнасць?" (2004)
… у развагах пра дзяржаву і ўладу Лукашэнка цытуе кітайскага філосафа Канфуцыя:
"Устойлівая дзяржава не можа абапірацца толькі на ўладу. Як казаў яшчэ Канфуцый, «без даверу народа ніякая ўлада выстаяць не можа». Таму вельмі важна, каб у дзяржаве ўсё большую ролю гралі такія структуры грамадзянскага грамадства, як мясцовыя саветы, прафсаюзы, моладзевыя і ветэранскія арганізацыі". (2006)
… пра вялікае – рускага філосафа Ільіна:
"Усё вялікае ідзе знутры... калі ўсярэдзіне смутна, нячыста, зласліва, прагна, брыдка, то не дапаможа ніякая знешняя форма, ніякая забарона, ніякая пагроза, ніякае "выбарчае права". Сапраўднае будаўніцтва ёсць творчасць, а не перайманне". (2001)
… пра ўладу - прападобнага Анатоля Опцінскага:
"Не заўважаць іх (станоўчыя тэндэнцыі - Еўрарадыё) могуць толькі людзі неаб'ектыўныя і аматары абняслаўлення. Як справядліва казаў прападобны Анатоль Опцінскі: "Разважлівы заўважае спачатку дабрадзейнасці, а вар'ят - заганы і недахопы". (2001)
… пра саюз з Расіяй - Міхаіла Гарбачова.
"Так, я за моцную дзяржаву. І Саюз Беларусі і Расіі, да якога мы імкнёмся, гэта быў бы добры фактар, добры прыклад. Калі кажуць, хто замінае, вядома, першым чынам Захаду гэты прыклад не патрэбны. Асабліва -- амерыканцам. А раптам потым украінцам захочацца? А раптам гэты працэс пойдзе, як наш класік калісьці казаў. Вось пойдзе працэс, тады яго ужо цяжка спыніць. Гэта так". (2003)
… пра працу - Канта
"Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння пашану і павагу ў грамадстве чалавек можа заслужыць толькі сваёй працай. Ён нагадаў словы нямецкага філосафа Імануіла Канта пра тое, што добрасумленная праца – гэта самы лепшы подзвіг, на які здольны чалавек". (2009)
…пра творчасць - Станіслаўскага, рымскага пісьменніка Плінія Старэйшага і народную мудрасць:
"Вось у гэтым я бачу, як казаў Станіслаўскі, звышзадачу вашай дзейнасці, шаноўныя навуковыя і творчыя працаўнікі. Зразумела, што супрацьстаяць велізарнаму струменю нізкапробных вырабаў і модных павеваў цяжка. Але ўспомніце народную мудрасць: жывая рыба плыве супраць плыні, а тухлая - уніз па рацэ" (2001)
"…пацвердзілі праўдзівасць слоў аднаго з антычных філосафаў, які казаў: "Як шмат спраў лічыліся немагчымымі, пакуль яны не былі зробленыя". (2011)
А вось беларускага класіка прэзідэнт цытаваў толькі аднойчы, 11 гадоў таму:
"Класік нашай літаратуры Колас Якуб пісаў: "Народ бязмежна багаты ў сваёй мастацкай творчасцi. Вучыцеся ў народа!" Настолькі дакладная і глыбокая думка і актуальны запавет маладому творчаму пакаленню, што лепш і не скажаш!" (2001)
Цитаты Александра Лукашенко president.gov.by
Фота: n1.by