Лукашэнка: Як толькі людзі адмовяцца ад маіх паслуг, вазьму партфель і сыду

Ізгой на Захадзе, на якога з падазронасцю глядзіць Расія і якога ненавідзяць яго сапернікі ў выгнанні ці турме, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка атрымлівае задавальненне ад благой славы апошняга дыктатара Еўропы.

Будучы ва ўладзе апошнія 18 гадоў, просталінейна рэзкаваты, напорысты, магутнага целаскладу былы дырэктар саўгаса не паказвае прыкмет таго, што ён паддаецца ціску Захаду, каб аслабіць сваю хватку над былой савецкай рэспублікай, заціснутай паміж Расіяй і Еўрапейскім Саюзам.

Заўсёды задзірлівы, часта сварлівы і часам правакацыйны, Лукашэнка дадаў іронію ў свой арсенал сродкаў для адлюстравання крытыкі заходніх палітыкаў, рэкламуючы іх дыктатарскі цэтлік у якасці свайго "Знака пашаны".

"Я апошні і адзіны дыктатар у Еўропе. Насамрэч, больш дыктатараў у свеце няма", — сказаў ён у рэдкім інтэрв'ю Reuters у сталіцы Беларусі Мінску, у якім ён неаднаразова называў сябе дыктатарам, а сваё кіраванне дыктатурай.

"Вы прыехалі сюды і паглядзелі на жывога дыктатара. Дзе вы яшчэ такое ўбачыце? У гэтым штосьці ёсць. Кажуць, што нават дрэнная рэклама — гэта добрая рэклама".

Лукашэнка прамаўляе гэта з крывой усмешкай, размахваючы сваімі велізарнымі рукамі, падобна, каб падражніць сваіх крытыкаў, чые заклікі пра вялікія эканамічныя і палітычныя свабоды праходзяць галоўным чынам незаўважанымі з тых часоў, калі ён упершыню стаў прэзідэнтам у 1994 годзе.

58-гадовы кіраўнік нястомна распавядае гасцям, што Беларусь з'яўляецца геаграфічным цэнтрам Еўропы. Але 9,5-мільённая краіна не падзяляе тых жа дэмакратычных каштоўнасцяў са сваімі заходнімі суседзямі.

Уздоўж шырокіх праспектаў Мінска ўсё яшчэ стаяць маналітныя будынкі з савецкай эпохі. Ёсць вуліцы, названыя ў гонар стваральніка СССР Уладзіміра Леніна і філосафаў Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса, хоць некаторыя вуліцы могуць пахваліцца сучаснымі заходнімі крамамі, як аўтасалон Паршэ, ці рэстаранамі Макдоналдс.

У парламенце няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі. Пры перавыбранні, Лукашэнка можа заставацца ва ўладзе бясконца, бо рэферэндум адмяніў абмежаванні на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, а апазіцыя амаль цалкам падпарадкавана.

Яго найбольш моцны сапернік, былы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Саннікаў, у мінулым месяцы атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі, адседзеўшы 16 месяцаў у турме, дзе, па яго словах, турэмныя назіральнікі падвяргалі яго катаванням, спрабуючы прымусіць яго здзейсніць самагубства.

Гады дыпламатычных лаянак з Захадам ізалявалі толькі Беларусь, у той час як візавыя санкцыі і замарожванне рахункаў людзей і кампаній, звязаных з урадам, Еўрапейскім Звязам не зрабілі заўважнага эфекту на палітыку Лукашэнкі.

Ён абяцае мадэрнізаваць галоўным чынам дзяржаўную эканоміку і, магчыма, аднойчы ўвесці партыйную палітычную сістэму. Але ён толькі кпіць над размовамі пра хуткія змены ці магчымасці паўстання, такога як “Арабская вясна”, у выніку якой былі зрынуты блізкаўсходнія кіраўнікі.

Няма сэнсу параўноўваць палітыку Беларусі з Блізкім Усходам. Некалькі чалавек паспрабавалі праз сацыяльныя сеткі зрабіць сітуацыю выбуханебяспечнай”, — сказаў ён, маючы на ўвазе “маўклівыя” пратэсты летась, калі апаненты збіраліся ў грамадскіх месцах і іранічна моўчкі пляскалі ў ладкі.

Але нічога з гэтага не выйшла. І нічога не выйдзе. У нас тут кожны дзень змены. Тут няма месца для рэвалюцый”, — сказаў ён, седзячы ў багата ўпрыгожаным крэсле ў раскошным пакоі з зялёнымі дыванамі і люстрай у сваёй падобнай на пячору прэзідэнцкай рэзідэнцыі.

У сярэдзіне 2010 года, пасля таго, як з'явіліся прыкметы, што Лукашэнка паслабляе ціск на палітычную апазіцыю, здавалася, што заходнія ўрады могуць паслабіць крытыку ў яго адрас.

Але ўсё гэта скончылася ў снежні 2010 года, калі міліцыя разагнала мітынг з удзелам дзясяткаў тысяч людзей, якія пратэставалі супраць яго перавыбрання на чацвёрты тэрмін.

Шэраг палітыкаў, якія выступілі супраць яго ў барацьбе за прэзідэнцкую пасаду, у тым ліку і Саннікаў, былі затрыманы сіламі бяспекі, шмат каго арыштоўвалі ў іх дамах. Пасля гэтага ЕС і ЗША ўзмацнілі жорсткасць санкцый у адносінах да Лукашэнкі і яго акружэння.

На гэтым тыдні Міністэрства юстыцыі зачыніла мінскі офіс праваабарончай арганізацыі “Вясна”, кіраўнік якой Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Amnesty International назвала прысуд несправядлівым.

Сэнс паслання Лукашэнкі Захаду — выклік, які спалучаецца з пачуццём несправядлівасці за адданне яго абстракізму за тое, што ён не прытрымліваецца палітыкі Захаду.

Вам (Еўропе) не падабаецца той курс, які абрала Беларусь. Вы хацелі б, каб усё тут было прададзена ў інтарэсах расійскіх ці заходніх кампаній”, — амаль крычыць ён, нахіляючыся наперад у сваім крэсле. Яго твар счырванеў ад гневу.

Вам не падабаецца, што ў нас добрыя адносіны з Расіяй. Але гэта наканавана нашай гісторыяй. Падчас апошняй вайны мы разам ваявалі ў акопах з нацыстамі. Мы выратавалі вас, Еўропу, ад таго, каб вы сталі рабамі свайго ўласнага фюрара”, — кажа ён.

У якасці завэлюмаванай пагрозы Еўропе перастаць ціснуць на Беларусь, ён нагадаў Еўропе, што кантынент атрымлівае вялікую частку нафты і газу з Расіі па трубаправодах, якія праходзяць праз яго краіну.

Так, каму патрэбныя гэтыя двайныя стандарты? Каму патрэбна нестабільнасць у цэнтры Еўропы? Ні вам, ні нам, ні Расіі. Давайце размаўляць, мы ж людзі”, — сказаў ён.

Лукашэнка адмаўляе абвінавачванні ў наяўнасці ў краіне палітычных вязняў, кажучы, што пэўныя выпадкі, пра якія кажуць на Захадзе, маюць дачыненне да людзей, якія здзейснілі крымінальныя злачынствы. Ад пытання пра парушэнні правоў чалавека Лукашэнка адмахнуўся, сказаўшы, што з'яўляецца гарантам самага важнага права — права на жыццё.

Згадка пра акцыю швецкага рэкламнага агенцтва, якое ў ліпені скінула з лёгкага самалёта каля тысячы плюшавых мядзведзянят над Беларуссю, прымушае яго ўскіпець.

Вы нядаўна адправілі самалёт з цацкамі, гэта было парушэннем (паветранай прасторы Беларусі). А што, калі б вайскоўцы адкрылі агонь і забілі б людзей?” — пытае ён.

Лукашэнка імкнецца падтрымліваць свой імідж бацькі-заступніка і атрымлівае асалоду ад сваёй ласкавай мянушкі "Бацька" (значыць - бацька) пры сустрэчах з простымі людзьмі, шматлікія з якіх прыслухоўваюцца да яго жыццёвых спосабаў рашэння праблем.

Ён дамогся лаяльнасці прамысловых рабочых на вялікіх прадпрыемствах, павялічваючы зарплату ў цяжкія эканамічныя часы, не зважаючы на тое, што, па заяве яго крытыкаў, прывяло да сённяшніх эканамічных праблем і ўзрастаючых пазыкаў.

Інфляцыя ў Беларусі ў 2011 годзе склала 108 адсоткаў, і, хоць яна ўпала да 18 адсоткаў у першыя 10 месяцаў 2012 года, жыхары краіны не карыстаюцца манетамі ў разліках, а выкарыстоўваюць банкноты з вялікай колькасцю нулёў.

Беларусь таксама мае пазыку ў 12 мільярдаў долараў, што з'яўляецца вялікай сумай для краіны, ВУП якой, па словах Лукашэнкі, складае 60 мільярдаў долараў.

Нягледзячы на гэта, стабільнасць застаецца яго ўлюбёным словам на працягу двух дзесяцігоддзяў, калі ён вёў вайну з карупцыяй, у той час, як суседнюю Расію захліснулі мафіёзныя злачынствы, гвалт, а часам і палітычны хаос.

Просты народ пасадзіў мяне ў гэта крэсла. Я ніколі не адыду ад таго, што абяцаў людзям”, — сцвярджае ён.

Аспрэчваючы заявы пра эканамічную нестабільнасць пасля кастрычніцкіх парламенцкіх выбараў, ён усклаў віну ў ваганнях беларускага рубля на сваіх апанентаў, якіх ён часта заве "пятай калонай".

Эканоміка застаецца праблемай для многіх беларусаў.

“Як мы можам жыць, калі кожны год адбываецца крызіс?” — кажа 45-гадовы Андрэй, жыхар Мінска, які адмовіўся назваць сваё прозвішча.

Эфектыўнай машынай бяспекі рэжыму застаецца захавалы савецкую назву КДБ, які забяспечвае падаўленне народных пратэстаў. Насупраць будынку камітэта дагэтуль стаіць помнік заснавальніку савецкай службы бяспекі Феліксу Дзяржынскаму, даўно прыбраны ў шматлікіх былых камуністычных усходнееўрапейскіх краінах.

Лукашэнка быў адзіным дэпутатам беларускага парламента, які выступіў супраць дамовы, якая папярэднічала распаду Савецкага звязу ў 1991 годзе. Паводле яго слоў, ён таксама шкадуе пра тое, што краіна адмовілася ад ядзернай зброі.

Лукашэнка падпарадкаваў Беларусь да такой ступені, што лічыць дарэчным рабіць вымовы сваім спартоўцам. У мінулым месяцы ён выклікаў на дыван спартовых службоўцаў за "поўны правал" на Алімпіядзе 2012 у Лондане — 12 медалёў, уключаючы 2 золата, а таксама звінаваціў беларускіх футбалістаў у тым, што яны наклалі ў порткі перад паразай 0:4 ад чэмпіёнаў свету зборнай Іспаніі.

Нягледзячы на сваю варожасць у адносінах да Заходняй Еўропы, ён асцерагаецца, што Беларусь будзе ўцягнута назад у арбіту Масквы.

Лукашэнка доўгі час адстойвае інтарэсы Расіі ў супрацьвагу Захаду, але ў той жа час не дазваляе буйному расійскаму капіталу атрымаць доступ да прывабных актываў у Беларусі.

Беларусь рухаецца ў кірунку Мытнага звязу з Расіяй і Казахстанам. Масква па-ранейшаму дэманструе прыкметы насцярожанасці ў адносінах да непрадказальнасці Лукашэнкі, а беларускія палітолагі кажуць, што паміж ім і Уладзімірам Пуціным не такія ўжо і цёплыя адносіны.

Балансаванне паміж Захадам і Расіяй скончылася на карысць апошняй летась, калі ў Беларусі пачаўся фінансавы крызіс.

У абмен на выратаванне эканомікі ўлады Беларусі абавязаліся дазволіць прыватызацыю некаторых дзяржаўных кампаній, якія могуць зацікавіць расійскіх інвестараў і дазволіў продаж “Белтрансгаза”.

Лукашэнка разлічвае і на новую дамову з Міжнародным валютным фондам для таго, каб пераадолець чакаемы ў наступным годзе крызіс з-за выплат па абавязках. Але ён патрабуе ад міжнародных крэдытораў перастаць “палітызаваць” гэта пытанне.

Краіне трэба знайсці 1,6 мільярда долараў толькі для выплат МВФ у наступным годзе яшчэ па папярэдніх дамовах.

Ніякіх канстытуцыйных перашкод для таго, каб забараніць яму заняць свой пост у пяты раз у 2015 годзе, а затым і ў шосты раз, няма. Пры гэтым Лукашэнка, у якога два дарослых сына і 8-гадовы сын Коля, які з'яўляецца на некаторых афіцыйных мерапрыемствах, адмаўляе, што рыхтуе сабе пераемніка.

Пераемнік

"Мяне папракаюць у тым, што я, нібыта, рыхтую сваіх дзяцей, майго старэйшага сына ў пераемнікі. Але я клянуся Вам — я ніколі не абмяркоўваў гэту ідэю нават з маёй сям'ёй, з маімі сынамі. Гэта ўсё выдумкі нашай “пятай калоны” — сказаў ён.

"Я не буду трымацца за гэту пасаду ўсё сваё жыццё. Як толькі людзі адмовяцца ад маіх паслуг, я вазьму пад паху свой партфель і сыду".

Цімаці Хэрытадж і Рычард Балмфарт — Reuters, Мінск.

Пераклад: Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі