Лукашэнка знайшоў памылку ў рашэнні Канстытуцыйнага суда?

120508 Luka6uk Maratorij.mp3

Такую заяву нечакана зрабіў кіраўнік краіны ў адказ на пытанне дэпутата Мікалая Самасейкі пасля агучвання Паслання. Гэта нягледзячы на тое, што тыя самыя паўнамоцтвы зацвердзіў Канстытуцыйны суд у 2004 годзе.

Аляксандр Лукашэнка: “Парламент не мае кампетэнцыі мараторый аб’явіць. А прэзідэнт... Калі гэта тычыцца прэзідэнта, калі па аналогіі з Расіяй, то я ніколі на гэта сам не пайду. Не пайду, таму што я слуга свайго народа, выбачайце за патэтыку. Для мяне гэта не гучныя словы — ведаю настроі людзей”.

Еўрарадыё знайшло тое Рашэнне Канстытуцыйнага суда ад 11 сакавіка 2004 года № З-171/2004. Сапраўды там сцвярджаецца наступнае: “Канстытуцыйны суд лічыць, што ў сучасных умовах пытанне аб адмене гэтага віда пакарання (смяротнага. — Еўрарадыё), альбо як аб першым кроку — аб аб’яўленні мараторыя на яго прымяненне можа быць вырашанае Кіраўніком дзяржавы і Парламентам”.

Тое, што беларускія парламентарыі не выключаныя з працэсу ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, пацвярджае ў сваім нядаўнім інтэрв’ю Еўрарадыё былы кіраўнік Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч. На час прыняцця ўзгаданага Рашэння Канстытуцыйнага суда ён быў яго старшынёй.

Рыгор Васілевіч: "Рашэнне таго рэферэндуму (пра смяротнае пакаранне. — Еўрарадыё) насіла кансультацыйны характар і, у прынцыпе, можна вырашыць інакш. Але і кіраўнік дзяржавы, і парламент — яны прадстаўляюць народ. І меркаванне грамадзян для іх мае важнае значэнне, якое ўплывае на прыняцце імі рашэнняў. Іх можна зразумець — 80% прагаласавала! Але калі на гэта ўвагі не звяртаць, то пытанне можа быць вырашанае шляхам змены Крымінальнага кодэкса. Варыянты рашэння гэтай праблемы могуць быць самыя розныя. Магчыма ўвядзенне мараторыя".

Такім чынам, былы старшыня Канстытуцыйнага суда фактычна пацвердзіў, што зусім без дэпутатаў парламента гэта пытанне не вырашыць. Але каментаваць заяву кіраўніка краіны 8 траўня Рыгор Васілевіч адмаўляецца.

На думку ж былога суддзі Канстытуцыйнага суда Валерыя Фадзеева, “першая скрыпка” ў пытанні ўвядзення мараторыя павінна належыць менавіта парламентарыям.

Валерый Фадзееў: “Парламент прымае Крымінальны кодэкс, парламент вызначае адказнасць, у тым ліку — смяротнае пакаранне. Таму парламент можа прыняць рашэнне і аб прыпыненні яго прымянення. Але гэта павінна быць у форме закона. А закон падпісвае прэзідэнт. Так што тут узаемасувязь існуе!”

Безумоўна, увесці мараторый на смяротнае пакаранне кіраўнік краіны можа і без удзелу парламентарыяў — адпаведным прэзідэнцкім указам. Але тады ўзнікаюць пытанні аб неабходнасці існавання не толькі Палаты прадстаўнікоў, але і Канстытуцыйнага суда.

Фота: Белта

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі