Лукашэнка звольніў кіраўніка "Беллегпрама" і даў апошняе папярэджанне ўраду
У панядзелак кіраўнік дзяржавы наведаў сталічнае прадпрыемства "Камволь" — адзінае ў краіне, якое вырабляе камвольныя тканіны.
Гаворка мусіла ісці пра рэалізацыю інвестыцыйнага праекту.
Як паведамляе БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка звольніў кіраўніка гэтага прадпрыемства, гендырэктара канцэрна "Беллегпрам" і яго намесніка. На чале "Камволя" апынуўся галоўны інжынер.
Лукашэнку паведамілі, што "Камволь" знаходзіцца ў глыбокім крызісе. "Прадпрыемства мы амаль згубілі", — сказаў ён. Раней было 7 тысяч працаўнікоў, цяпер засталося толькі 900.
"Кіраўніка канцэрна і яго намесніка выгнаць да вечара з працы", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы "Интерфакс-Запад".
Першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка спрабаваў абараніць дырэктара, сказаў, што той працуе на сваім месцы. Але Лукашэнка з ім не пагадзіўся.
"Вам з Мясніковічам — гэта апошні званок, — сказаў Аляксандра Лукашэнка Сямашку. — Мне вашыя апраўданні не патрэбныя! Я сюды не за апраўданнямі прыехаў. Я добра ведаю, што адбываецца на "Камволі".
Лукашэнка даручыў скончыць рэканструкцыю прадпрыемства да 2015 года.
Фота — ria.ru