Лябедзька: АГП перадала антыкрызісную праграму ў Нацбанк і ўрад

Пры далейшым бяздзеянні ўраду Аб'яднаная грамадзянская партыя звернецца ў пракуратуру і службы кантролю. Праз месяц пасля адпраўкі праграмы "грамадзяне" пачнуць агульнанацыянальную акцыю за адстаўку ўраду. Пра гэта Еўрарадыё заявіў адзін з кіраўнікоў партыі Анатоль Лябедзька.

Гутарку з лідэрам АГП слухайце ў далучаным гукавым файле — у прайгравальніку справа.

Лябедзька: “Нашая праграма знаходзіцца ў трох адрасатаў: ва Ўрадзе, Нацбанку і ў афіцыйных прафсаюзах. Кропкава яна накіраваная на Мясніковіча і Пракаповіча. У Беларусі не прынята прымаць ад апазіцыі нейкія дакументы ці звароты “з рук у рукі”. Мы звязаліся з офісамі ўраду і Нацыянальнага банку, там нам параілі кінуць праграму ў скрынку. Мы даслалі яе па пошце, каб мець дакументальнае пацверджанне адпраўкі. Справа ў тым, што мы маем пэўны досвед адносінаў з урадам, калі нам казалі, што дасланыя намі праграмы недзе знікалі, губляліся ў канцылярыі”.
Еўрарадыё: "СМІ цытавалі Вас такім чынам: “Мы перададзім праграму Ўраду і будзем чакаць, калі Ўрад пачне яе ажыццяўляць, а калі не, то…” Што Вы маеце на ўвазе пад тым “то”? Што тады здарыцца?
Лябедзька: “Нашая тактыка шматварыянтная. У чацвер адбудзецца паседжанне Рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Мы рыхтуем адмысловыя паперы ў пракуратуру і ў службу кантроля. Гэта пэўны ціск на ўрад, каб ён пачаў нешта рабіць аператыўна і эфектыўна. З аднаго боку, мы даем праграму выйсця з той сітуацыі, ў якой знаходзімся, а з другога, думаем пра механізмы і інструменты такога сілавога ціску з боку тых структур, якія павінны ажыццяўляць кантроль. Калі не будзе прынятая праграма, калі ўсё застанецца ў сітуацыі сённяшняга ці ўчарашняга дня, мы распачнем кампанію за адстаўку ўсяго палітычнага кіраўніцтва Беларусі, якое давяло да такой сітуацыі”.
 Еўрарадыё: Але ж урад можа сказаць, у нас ёсць свая антыкрызісная праграма. Навошта нам вашая? 
 Лябедзька:Мяркую, мы ўжо атрымалі невялічкую перамогу: раней усё было ў рэжыме “для службовага карыстання” ці з грыфам “сакрэтна”. Думаю, што нашыя захады прымусілі Ўрад сказаць, што ў нас ёсць праграма. Да гэтага было адчуванне, што ўсё цячэ само па сабе: Урад, улада ніяк не звязаныя з крызісам. Зараз, калі суб’екты апазіцыі прапаноўваюць пазітыўную альтэрнатыву для Беларусі і для яе грамадзян, Урад змушаны нешта рабіць. Сітуацыя зрушыцца з месца. Разам з тым, калі Ўрад гаворыць, што ў іх ёсць добрая праграма, калі ласка, нясіце адказнасць. Мы зробім больш глыбокі аналіз гэтай праграмы і адзначым яе больш слабыя месцы і дадзім прагноз, на колькі яна эфектыўная і да чаго можа прывесці. У любым выпадку патрэбна зразумеласць і яснасць: калі ва Ўрада ёсць праграма, яна павінна быць публічная, адкрытая і апазіцыя, і грамадзянская супольнасць павінны мець магчымасць кантроля над выкананнем гэтай праграмы і яе крытыкі”.
 Еўрарадыё: Можа дарэмна Багданкевіч адмовіўся ад прапанаванай пасады? Можа ў перспектыве штосьці запрапанавалі і Вам, і Раманчуку? Каб былі свае людзі.
Лябедзька: “Па-першае, асноўныя тэзісы праграмы ў стале Мясніковіча. Багданкевіч перадаў іх яму падчас сустрэчы. Праграма не была поўнасцю гатова, але асноўныя пункты там былі. Менавіта Мясніковіч не зможа сказаць, што нешта не дайшло. Па- другое, што датычыць удзелу ў рэалізацыі праграмы, Багданкевіч ясна акрэсліў і сваю асабіста пазіцыю, і пазіцыю партыі. Мы можам прымаць удзел у рэалізацыі праграмы толькі па схеме: нашая праграма плюс паўнамоцтвы і адказнасць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі