"Ляпис Трубецкой" прэзентаваў "Железный" кліп

Гурт "Ляпис Трубецкой" выклаў у інтэрнэт відэакліп на песню "Железный". Як высветлілася, кампазіцыя з альбома "Рабкар" заснаваная на рэальных падзеях.

"Гэтую песню я напісаў роўна праз 20 гадоў пасля адной рэальнай гісторыі, якая са мной адбылася, — узгадвае лідар "Ляпісаў" Сяргей Міхалок. — Я і мой сябар Колт, адзін з першых мінскіх панкаў, патрапілі ў рэанімацыю пасля перадазіроўкі "джэфам" — вельмі папулярным на пачатку 90-х самаробным наркотыкам. Мы абодва больш за суткі знаходзіліся ў стане клінічнай смерці, а потым патрапілі ў спецустанову для наркаманаў, дзе сустрэліся са шматлікімі людзьмі "наркатычнай сістэмы".
 
Пасля ўсіх гэтых сустрэч мы выйшлі на волю і больш ніколі — ні я, ні Колт — не ўжывалі ніякіх наркотыкаў нутравенна. За тры тыдні ў нас цалкам змяніўся светапогляд. Да гэтага мы жылі пад лозунгам "No Future" і імкнуліся паспрабаваць у гэтым жыцці ўсё, а калі выйшлі з лякарні, як гэта ні банальна гучыць, паспрабавалі заняцца справай. Я праз два тыдні паступіў у інстытут.

Песня "Жалезны" — гэта, вядома, метафара, але яна мае рэальныя карані. Шмат маіх сяброў памерла ад наркотыкаў, шматлікія сталі сістэмнымі наркаманамі. А я навучыўся шанаваць жыццё. Тое, што я жыву, гэта ўжо цуд. Я шмат разоў быў на валасінцы ад смерці і пасля гэтага выпадку: алкаголь, панажоўшчына, крымінал 90-х. Асабіста мне вылезці дапамог спорт. Я цалкам спаліў сябе старога, развітаўся са сваім мінулым жыццём — творчым і не толькі. Каб адрадзіцца нанова, трэба згарэць дашчэнту, як Фенікс".

Кліп на трэк "Железный" зняў кіеўскі рэжысёр Аляксандр Сцекаленка. Ідэя гэтага відэа нарадзілася ў студзені 2012 года падчас чарговай вандроўкі па Непале. Паводле слоў рэжысёра, яго галоўнай задачай было паказаць "голы жыццёвы драйв" гурта "Ляпис Трубецкой".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі