"Ляпис Трубецкой" выступіў у Смаленску (фота, відэа)
Канцэрт наведала больш за 400 беларусаў, якія прыехалі на цягніках, машынах і 6 аўтобусах.
Смаленскі канцэрт "ляпісаў" — адзін з такіх, якія пачынаюцца задоўга да таго, як на сцэне гучаць першыя акорды. "Чорныя спісы", вымушаная эміграцыя, быццам бы распачаты крымінальны персалед Сяргея Міхалка, шалёны поспех у Расіі і татальны ігнор з боку беларускага радыё і тэлебачання... Апошні этап гэтага доўгага шляху да Смаленска шмат для каго з беларусаў пачынаецца раніцай 3 сакавіка на паркоўках, дзе іх чакаюць турыстычныя аўтобусы.
Смаленск сустракае лужамі па калена. Гукнуўшы ў цэнтры горада: "Жыве Беларусь!" — у адказ абавязкова пачуеш: "Жыве!"
Канцэрт пачынаецца амаль без затрымкі. Вусаты Сяргей Міхалок, неверагодна падобны на схуднелага Фрэддзі Мэрк'юры, чытае вершы і размаўляе з гледачамі пра свабоду і хуткую вясну. Цягам 2 гадзінаў "ляпісы" амаль цалкам выконваюць свае апошнія праграмы "Веселые картинки" ды "Культпросвет". Не забываюцца пра галоўныя хіты з ранейшых альбомаў "Капитал" ды Manifest. І на кароткі час прыгадваюць юнацтва ў новай песні "Ляпис Crew".
Смаленская моладзь кажа, што такога ў горадзе дагэтуль не бачылі. "Ляпісы" жарылі напоўніцу, хаця "гук" у культурным цэнтры "Губернский" і пакідаў жадаць лепшага... Але не гукам адзіным! Гледачы выходзілі з залі, выціснутыя, як лімоны. А беларускія слэмеры так калбасіліся, што разбілі галавамі столь і падчас "Belarus Freedom" сцягнулі са сцэны ахоўніка, каб крыху павалтузіць яго ў натоўпе.
У гэтым незлічоным натоўпе Еўрарадыё раптам заўважае чалавека, які амаль не рухаецца і задумліва глядзіць перад сабой. Натуральна, мы падыходзім да яго.
"Калі я трапіў на гэты жывы канцэрт, я здалёк пабачыў іншае. Гэта і ёсць жыццё! — распавядае ён. — Тое, што Міхалок нам хоча сказаць — ён нам кажа. І мне так стала няёмка, прыкра ад таго, што я не магу гэтага зрабіць... Бо ў мяне няма ўласнай творчасці. Я прадпрымальнік, я не магу сябе так выказаць, як гэта робіць ён. А ён у сваіх песнях і вершах казаў так, што мне хацелася плакаць. Я адварочваўся, каб не адчуваць сябе... Пераводзіў вочы са сцэны на тэлевізар, і мне рабілася лягчэй".
Галоўная зброя Сяргея Міхалка — фантастычная шчырасць, з якой ён выходзіць да гледачоў. У яго ідэі верыш адразу і назаўжды. "Ляпісы" — сапраўдныя рок-зоркі, але застаюцца вельмі простымі ў стасунках. "Вы толькі не крыўдуйце", — кажа гітарыст Руслан Уладыка, адмаўляючыся даць інтэрв'ю. Хіба можна чакаць такой высакароднай ветлівасці ад музыкаў, якія сталі зоркамі ў 2000-я?
"Ляпісы" перад канцэртам. Справа — Руслан Уладыка
Руслан Уладыка падчас канцэрта
Еўрарадыё, як заўжды, трапіла за кулісы канцэрта. Мы паціснулі рукі музыкам перад выхадам на сцэну, а пасля ўзялі аўтограф на самым дарагім, што было з сабой.
Подпісы — злева направа: Руслан Уладыка, Сяргей Міхалок, Павел Булатнікаў. На зваротным баку аўтограф Пятра Пракаповіча