Любы прафесар з Гарварда можа з’явіцца ў аўдыторыі беларускага універсітэта
Расіянін Сяргей Ісаакаў і беларус Мікалай Ігнаценка запусцілі праект, з дапамогай якога кожны можа, не ўстаючы з крэсла, прысутнічаць у любой кропцы Зямлі.
Еўрарадыё: Ствараючы праект Аватар, вы, напэўна, натхняліся фільмам Кэмерана “Аватар”?
Сяргей Ісаакаў: Я глядзеў фільм “Аватар” тры разы. І пасля трэцяга прагляду мы з Мікалаем сустрэліся і вырашылі стварыць такі праект. Сённяшнія тэхналогіі дазваляюць перанесці свядомасць чалавека ў любую кропку планеты, дзе ёсць аватар. То бок, вы бярэце ў арэнду цела іншага чалавека і такім чынам можаце перамяшчацца ў іншым месцы.
Напрыклад, вы хочаце патрапіць на выставу ў Японіі. Вы наймаеце там спецыяльнага чалавека – аватара, і праз яго ходзіце па выставе, глядзіце, размаўляеце з людзьмі. У аватара ёсць акуляры з убудаванай вэб-камерай, праз яе вы бачыце ўсё, што бачыць гэты чалавек.
Усе патрэбныя тэхналогіі існуюць ужо сёння, акуляры з відэакамерай, скайп для злучэння. Літаральна ўчора мы адкрылі партал, дзе могуць рэгістравацца тры тыпы карыстальнікаў: заказчык, які хоча вандраваць такім чынам, аватар, і трэці тып – перакладчык. Калі аватар не ведае вашай мовы, вы падключаеце перакладчыка, які будзе ўдзельнічаць у вашай размове. На партале гэта лёгка зрабіць і такім чынам вы зможаце вандраваць.
Еўрарадыё: Аватар – істота платная. Вам не падаецца, што які-небудзь вычварэнец можа захацець, напрыклад дакрануцца да жанчыны дзесьці ў Японіі?
Сяргей Ісаакаў: Прымяненне тэхналогій абмяжоўваецца толькі фантазіяй. З дапамогай аватара, напрыклад, інваліды змогуць вандраваць там, дзе захочуць. У тым ліку з’явіцца на пляжы ў целе прывабнага мужчыны ці жанчыны, пафліртаваць з кімсьці.
Еўрарадыё: Слухачы цікавяцца, ці будзе сэкс праз аватары?
Сяргей Ісаакаў: Мы не можам кантраляваць, што будуць рабіць карыстальнікі на партале. Заказчык заходзіць на партал, у патрэбнай краіне знаходзіць аватара і перакладчыка, яны дамаўляюцца паміж сабой, там жа і расплочваюцца. На партале, калі аватар запаўняе сваю старонку, ён дакладна пазначае, чаго ён не будзе рабіць. Такім чынам аватары адразу адсейваюць кліентаў.
Еўрарадыё: А дзе вы ўзялі грошы на рэалізацыю гэтага праекта?
Сяргей Ісаакаў: Гэта грошы нашых інвестараў. Мы прайшлі стадыю стартапа, калі бізнэс-анёлы ўкладалі грошы. Частка – нашыя грошы і грошы нашых сяброў, якія паверылі ў нашу ідэю.
Еўрарадыё: Як вы думаеце, ваш праект стане папулярным?
Сяргей Ісаакаў: Праект сэканоміць грошы кампаніям. Ім не трэба будзе лётаць на выставы, на канферэнцыі, можна будзе выкарыстаць аватара. А тое, што эканоміць грошы, заўсёды прыцягальнае. Багатыя людзі змогуць узяць аватара ў супермаркеце, які паходзіць па краме, а супермаркет потым пакупкі даставіць.
Еўрарадыё: Адзін са стваральнікаў праекта – беларус. Што праект можа прынесці нашай краіне?
Сяргей Ісаакаў: Змяняецца сама мадэль бізнэс-адукацыі. Уявіце, што любы прафесар з Гарварда можа з’явіцца ў аўдыторыі беларускага універсітэта ў целе аватара і выкладаць, у тым ліку з перакладчыкам, выкладчык зможа хадзіць па аўдыторыі, падыходзіць да груп студэнтаў. Студэнты будуць бачыць выкладчыка на маніторы на грудзях аватара і змогуць размаўляць ім. З іншага боку студэнты могуць не ляцець напрыклад вучыцца ў Гарвард, а з’явіцца на занятках у выглядзе аватара і прайсці нейкі курс. Калі ён выдасць даверанасць, то нават дыплом можа атрымаць аватар. То бок усё залежыць толькі ад фантазіі.