Прадпрымальніца: За нашы грошы пабудавалі цэнтр, а цяпер нас выганяюць
Прадпрымальнікі з гандлёвага цэнтру "Прэстан" у Магілёве распачынаюць пратэсты. Іх хочуць выселіць з выкупленых імі боксаў.
Пра гэта Еўрарадыё распавяла прадпрымальніца Людміла Крыловіч.
Еўрарадыё: Чаму вы страйкуеце ў пятніцу
ўвечары? Ці будзеце вы заўтра працаваць?
Людміла Крыловіч: Заўтра мы будзем працаваць, а сёння ў нас праходзіць сход. Некалькі гадзін таму, 26 жніўня, арганізацыя гандлёвага цэнтра "Прэстан" паведаміла нам пісьмова, што мы павінны вызваліць гандлёвыя месцы праз месяц, 1 кастрычніка. Калі будаваўся гандлёвы цэнтр, нашымі грашыма скарысталіся, пабудавалі цэнтр, раней тут быў рынак, дзе працавалі прадпрымальнікі. Нам абяцалі, што ў гандлёвым цэнтры мы працягнем працу. Сёння нас папрасілі вызваліць 74 ралеты. Куды нам ісці? У многіх сёння гэта адзінае месца працы.
Еўрарадыё: Колькі грошай уклалі прадпрымальнікі ў будаўніцтва?
Людміла Крыловіч: Дзесяць тысяч долараў.
Еўрарадыё: Ці карысталіся вы дапамогай юрыстаў, падпісваючы дамовы?
Людміла Крыловіч: На жаль, мы не звярталіся да юрыстаў, неабдуманы крок быў. Бо ўмовы былі такія: або падпісваеш дамову, або вызваляеш месца. Адміністрацыя ведала загадзя, што нас адсюль папросяць і дамову прапаноўвалі такую, якая ім зручная на сённяшні дзень. Там ёсць пункт: пры рэканструкцыі ці рамонце нам або прадастаўляюць працоўныя месцы, або разрываюць дамову.
Еўрарадыё: Прадпрымальнікі не прадбачылі, што можа быць такая праблема пасля рамонту?
Людміла Крыловіч: Іншага выйсця таксама няма: мы або падпісваем, або сыходзім на вуліцу.
Еўрарадыё: Ці працуюць з вамі юрысты цяпер?
Людміла Крыловіч: Цяпер падзеі адбываюцца вельмі хутка. Цяпер у нас юрыст з праваабарончага цэнтра, старшыня арганізацыі па абароне прадпрымальніцтва Магілёўскай вобласці. У каго мы змаглі папрасіць дапамогі тэрмінова – да тых і звярнуліся.
Еўрарадыё: Ці будзеце вы звяртацца да гарадскіх уладаў?
Людміла Крыловіч: Гэта будзе ўжо на наступным тыдні. Наперадзе выходныя.