Магілёўскія актывісты змагаюцца за беларускамоўныя дарожныя знакі
Магілёўскі гарвыканкам лічыць немэтазгодным замену дарожнага знака “Могилев” на “Магілёў”.
Такі адказ атрымалі мясцовыя сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Паводле адказу чыноўніка Ігара Шардыкі, назва населенага пункту на рускай мове не супярэчыць зацверджаным правілам стандарта СТБ 1140-99.
Раней падобны запыт сацыял-дэмакраты рабілі ў аблвыканкам. Адтуль прыйшоў адказ, у якім было рэкамендавана гарвыканкаму пры правядзенні рамонтных работ або ўстаноўцы новых дарожных знакаў рабіць надпісы на беларускай мове.
Сацыял-дэмакрат Максім Кавалёў адзначае, што бліжэйшым часам будзе запатрабаваны ад мясцовых уладаў каштарыс на выраб новага беларускамоўнага знака. Пасля гэтага актывісты БСДП маюць намер распачаць збор неабходных сродкаў. На іх думку, беларуская мова на дарожных шыльдах мусіць захавацца.
Трэба адзначыць, што беларускамоўны знак “Магілёў” на ўездзе ў горад з мінскага напрамку быў заменены на рускамоўны “Могилев” летам гэтага года.