Матацыклістка сама наехала на інспектара ДАІ і паламала грудзямі жазло?

120831 Valo6yn Moto.mp33

6 ліпеня Еўрарадыё перадавала пра інцыдэнт з удзелам мінскіх інспектараў ДАІ і матацыклісткі. Пасля сустрэчы з дарожнымі міліцыянерамі Вольга Ігнацюк атрымала гематому ў вобласці грудзей.

“Адзін з інспектараў пачаў махаць жазлом, спыняць мяне, стоячы прама на маёй паласе руху, — паскардзілася дзяўчына Еўрарадыё. — Затармазіць я не паспела і вырашыла спыніцца ў некалькіх метрах за міліцыянерамі. Першы замахнуўся, але ці то разгледзеў, што я дзяўчына, ці то адумаўся… І проста стаў ступарам. Другі, доўга не думаючы, нанёс мне ўдар у грудзі. Зрабіў крок наперад і стукнуў мяне…”

Кавалак жазла абламаўся і захрас у майцы дзяўчыны. Сама матацыклістка напужалася і дала па газах. Інспектары ДАІ за ёй нават не пагналіся, а сама Вольга вярнулася на месца здарэння і зняла міліцэйскую машыну на відэа.

Пазней абламаны кавалак жазла Вольга прадэманстравала журналістам. А судова-медыцынскія эксперты канстатавалі ў Вольгі ўдар мяккіх тканак грудной клеткі…

Таксама матацыклістка звярнулася ў міліцыю з патрабаваннем пакараць інспектараў ДАІ.

Калегі сваіх не пакрыўдзілі. Крымінальная справа па факце нанясення цялесных пашкоджанняў распачата не была.

Са сталічнай ДАІ Еўрарадыё атрымала беларускамоўны адказ на запыт наконт гэтага здарэння (арфаграфія захавана):

Удзельніцай таго, што адбылося, былі праігнараваны патрабаванні Правіл дарожнага руху аб прыпынку транспартнага сродку, пасля чаго яна схавалася з месца здарэння. Супрацоўнікі ДАІ, якія ажыццяўлялі нагляд за дарожным рухам на вуліцы Раманаўская Слабада, даклалі аб гэтым кіраўніцтву Маскоўскага РАУС у той жа дзень”.


Цялесныя пашкоджанні, якія атрымала Вольга Ігнацюк, і абламанае жазло, якое пабачылі сотні тысяч чытачоў беларускага інтэрнэту, не сталі для міліцыі важкім аргументам.

У рэдакцыю Еўрарадыё трапіла “Пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы” (падпісаная начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Цэнтральнага РУУС Мінска Малышка і ўчастковым Лапуховічам).

У дакуменце змяшчаюцца тлумачэнні, якія далі, як аказалася, “пацярпелыя” — дарожныя інспектары Журба Мікалай Яўгеньевіч і Лапановіч Сяргей Аляксандравіч.

“Апытаныя патлумачылі, што другога ліпеня неслі службу на вуліцы Раманаўская Слабада па выяўленні нецвярозых кіроўцаў. Каля 6.10 гадзін яны пабачылі, што з боку вуліцы Гарадскі Вал па вуліцы Раманаўская Слабада рухаецца матацыкл. За 30-45 метраў пры дапамозе жазла і свістка інспектар запатрабаваў кіроўцу спыніцца. Матацыкліст пакруціў галавой і рэзка павялічыў хуткасць, праехаўшы Лапановіча па крайняй правай паласе. Журба М.Я., які працаваў у метрах 30-40 ад Лапановіча, пры дапамозе жазла паўторна запатрабаваў спыніцца, аднак матацыкліст, павялічваючы хуткасць, здзейсніў наезд на Журбу, зламаўшы жазло, пасля чаго матацыкліст уцёк з месца здарэння”.


Падчас падрыхтоўкі папярэдняга матэрыялу адразу некалькі прэс-сакратароў раённых аддзелаў ДАІ Мінска нічога не паведамілі Еўрарадыё пра здарэнне.

Напэўна, наезд спартовага матацыкла на чалавека, хай сабе і чалавека ў пагонах, — гэта гарантаваныя траўмы і калецтва. Таму тэлефануем на мабільнік інспектару Мікалаю Журбе з пытаннем, ці ён жывы-здаровы. Аказалася, працуе поўным ходам.

“Я пакуль размаўляць не магу, у мяне шмат работы. Давайце неяк у іншы раз”, — ветліва адмовіўся размаўляць.

З матацыклісткай Вольгай Ігнацюк, паводле інфармацыі Еўрарадыё, таксама пагутарылі. І забралі правы на кіраванне транспартным сродкам. Размаўляць з журналістамі Вольга цяпер наадрэз адмаўляецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі