Медунівер: Платнікі нам выходзяць даражэй, чым бюджэтнікі
Але з паступіўшых у беларускія ВНУ летась — толькі 35% бюджэтнікаў.
У галоўнай ВНУ краіны — БДУ — платных і бюджэтных месцаў: 50 на 50. Бюджэтных месцаў стала больш на it-тэхналогіях і на нанатэхналогіях:
“Колькасць месцаў змяншалася на гуманітарных, на педагагічных спецыяльнасцях. Па эканамічных спецыяльнасцях і спецыяльнасцях правазнаўства скарацілася на бюджэце”.
У леташнюю прыёмную кампанію ў БДУ ўзялі на 30 бюджэтнікаў больш за кошт нанатэхнолагаў і it-спецыялістаў. Месцы знялі з эканамістаў, юрыстаў і педагогаў.
У Магілёўскім універсітэце імя Куляшова штогод скарачаюць 15-20 бюджэтных месцаў. Бо профіль ВНУ — педагагічны, кажуць у рэктараце.
“У нас па гэтым годзе платнікаў больш: 52%”. Ёсць модныя спецыяльнасці, дзе хапае 5 бюджэтных месцаў: лагапедыя, псіхалогія, эканамічны профіль”, — расказваюць у гэтай ВНУ.
І дадаюць, што на матэматыку і фізіку ідуць наадварот — неахвотна. У апошні набор тут скарацілі 16 бюджэтных месцаў, вучоба каштуе ад 8 да 10 мільёнаў за год.
У Беларускім медыцынскім універсітэце бюджэтнікаў больш, бо платнікі, на дзіва, нявыгадныя, здзіўляюць Еўрарадыё ў рэктараце:
“Нам, канечне, платнікі нявыгадныя, бо плата менш, чым пад дзяржаўныя месцы і грошы адкуль узяць? Толькі ад студэнтаў-замежнікаў”, — гавораць у медуніверы.
І гэта пры тым, што стаматалагічны факультэт адзін з самых дарагіх па краіне: год вучобы сёлета каштуе амаль 16 мільёнаў.
А ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце на дзённы бюджэт летась ўзялі амаль у 1,5 разы больш, чым на платнае.
Платнікаў і бюджэтнікаў у беларускіх ВНУ пароўну, запэўніваюць у Міністэрстве адукацыі. Але па розных універах ёсць непапулярныя спецыяльнасці. І там месцы варта скарачаць.
“Дзесьці скарачаецца, дзесьці павялічваецца. Напрыклад, у Мінску непатрэбныя географы і педагогі, а ў Віцебскай вобласці — наадварот. Таму Віцебскі ўніверсітэт павялічвае набор на гэтыя спецыяльнасці”, — даводзяць у Міністэрстве адукацыі.
На бюджэце цяпер вучыцца 56% усіх студэнтаў краіны. Але ў 2012 годзе ў ВНУ набралі толькі 35% на бюджэт. Астатнія — платнікі, паведамляе Белстат.
Фота:press.org.ua