Меркаванага саўдзельніка нарвежскага тэрарыста злавілі ў Польшчы
Арыштаваны — жыхар Уроцлава, які мае інтэрнэт-краму па продажу хімікатаў. Яго асоба пакуль не раскрываецца.
Вядома, аднак, што гандлюючы хімікатамі, ён напрацаваў вялікую сетку кантактаў у Нарвегіі. Па версіі следства, менавіта ў гэтага чалавека Андэрс Брэйвік набыў кампаненты для выбухоўкі. Пра тое, што ён будзе набываць кампаненты для бомбы ў польскай краме, тэрарыст згадваў у сваім маніфесце “2083 — Еўрапейская дэкларацыя незалежнасці”.
Двайны тэракт у Нарвегіі адбыўся 22 ліпеня. Спачатку ў цэнтры Осла выбухнула бомба, а затым тэрарыст расстраляў насельнікаў моладзевага летніка на выспе Утоя. Усяго, паводле ўдакладненых дадзеных, загінула 76 чалавек.