Міліцыя не знайшла хуліганаў, якія прабілі колы ў машыне апазіцыянера
Не дапамог у вышуку і нумар аўтамабіля, на якім з'ехалі верагодныя правакатары.
Нагадаем, што ўначы 19 верасня невядомыя парэзалі ўсе чатыры шыны ў аўтамабілі Дзяніса Турчаняка, брэсцкага каардынатара Руху "За свабоду!". Аўтамабіль быў прыпаркаваны каля дома актывіста.
Спушчаныя колы першым пабачыў яго брат Канстанцін. Позна ўвечары ён пабачыў, як ад машыны хутка адыходзіў нейкі мужчына. Той уцёк на аўтамабілі, які чакаў яго непадалёк. Аднак брат паспеў запомніць нумар машыны, які міліцыянты ў той жа вечар абвесцілі ў вышук.
Як паведаміў Еўрарадыё Дзяніс Турчаняк, праверка па адміністрацыйнай справе ўжо завершаная. Міліцыя не здолела адшукаць вінаватых з-за адсутнасці доказаў. А заяўлены сведкай нумар машыны нібыта зняты з уліку ДАІ яшчэ ў 2005 годзе. Як ён мог патрапіць у рукі хуліганаў, застаецца толькі здагадвацца.
Грамадскі актывіст лічыць здарэнне помстай за сваю актыўную дзейнасць у выбарчай кампаніі.