Міліцыянты ціснуць на сям’ю брэсцкага актывіста?
Пад вокнамі яго дома сігналіў патрульны аўтамабіль.
Сам Віталь Коўш знаходзіцца ў следчым ізалятары. Яго жонка Жанна Коўш распавяла:
“Пад’язджала машына міліцэйская. Не ведаю, навошта. Мяне не было дома, была мая маленькая сястра. Яна спалохалася. Сказала, што пад’ехалі, сігналілі пад брамай”.
Нагадаем, 28-гадовага Віталя Каўша вінавацяць у спрыянні незаконнай міграцыі. Нібыта ён у траўні дапамог васьмярым індусам даехаць да беларуска-польскай мяжы і пачаць пераход над калючым дротам.
Пастанова аб арышце Віталя Каўша была выдадзеная ў ліпені. 1 верасня Віталь Коўш быў гвалтоўна затрыманы ў вёсцы пад Брэстам каля дома на вачах у жонкі і сына. Са словаў жонкі, ён “нікуды не хаваўся і цэлае лета спраўна хадзіў на працу”.
Пасля затрымання спадара Каўша родныя знайшлі яго толькі праз два дні ў следчым ізалятары №7, дзе ён утрымліваецца і зараз.
Двое затрыманых індусаў пасля дэпартацыі далі на камеру паказанні, што іх “змусілі агаварыць невядомых людзей”. Ролік быў размешчаны ў сеціве ўкраінскім выданнем “КорреспонденТ.net”.
Паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, Віталь Коўш — грамадскі актывіст. Ён быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, удзельнічаў у шэрагу палітычных кампаніяў у Брэсце.