Што мы аплачваем у грамадскім транспарце?

Мінчукі збольшага падаражанне праезду на грамадскім транспарце на сабе не адчулі. Маўляў, 200 рублёў не заўважныя. Хаця пенсіянеры навучыліся лічыць грошы: “Мы, пенсіянеры, увогуле павінны бясплатна ездзіць. Калі моцна ездзіць, канечне, не разгонішся”. 


А на пытанне Еўрарадыё "Колькі вы гатовы плаціць за транспарт?" большасць сыходзяцца на 1200-1500 рублёў.

“Я не хацеў бы плаціць нічога! Ці атрымліваць столькі, каб мець магчымасць плаціць, колькі трэба”.

“Аптымальна — 1500 рублёў, 1700 — гэта ўжо дарагавата, 2000 я б ужо не пацягнула, бо маленькі заробак. Нас не вельмі і пытаюцца, плаці і ўсё”.

“Калі быў бы вялікі заробак, можна было б і 2000-2500 плаціць, але пакуль і 1700 дарагавата”.

Былі і больш танныя прапановы. "500 рублёў за квіток", — з ходу выдае студэнтка. Дарэчы, студэнты ў чарговы раз папрасілі бясплатны праезд. Хаця б першакурснікам.

“Студэнтам першага курса цяжка зарабіць грошай. Таму можна было б зрабіць праезд бясплатным”.


Мінчукі параўноўваюць транспарт Беларусі і Польшчы.

“Мы толькі з Польшчы. Пунктуальнасць польскага гарадскога транспарта проста ўражвае: вось напісана, што праз 4 хвіліны аўтобус — і ён прыходзіць! Можа, і больш у нас плаціць трэба, але каб хадзіў, як трэба! Калі ў нас 5 тысяч сабекошт квітка, дык, можа, і трэба такія грошы плаціць, але каб сродкі ішлі на заробкі вадзіцелям, а не на заробкі ўладам”, — разважаюць муж і жонка Аляксандр і Таццяна. Іх асабліва ўразіла сістэма зніжак на кошты грамадскага транспарта.

“Там квіткі даражэй, чым у нас — да прыкладу, квіток адзін каштуе долар. Пры гэтым ёсць зніжкі — на гадзінныя праязныя, на паўмесяца. Можна зэканоміць, бо сістэма вельмі прадуманая”.

Дарэчы, сістэма аплаты ў той жа Польшчы вельмі цікавая. Тут існуюць квіткі на 20, 40 і 60 хвілін і каштуюць, у пераліку на беларускія грошы, адпаведна 7, 10 і 14 тысяч рублёў. Несумненна, гэта даражэй за мінскі квіток у 1700 рублёў. Але ў Беларусі талон дзейнічае толькі на адну паездку і не важна, трэба праехаць адзін прыпынак ці дзесяць. А ў Польшчы самы танны квіток дазваляе ездзіць на любым транспарце 20 хвілін. Яшчэ адна цікавостка: у суседзяў ёсць так званы 90-дзённы праязны, які на беларускія грошы каштуе 600 тысяч. Але на ім можна ездзіць зноў жа на любым транспарце. У Мінску за праязны на чатыры віды транспарту трэба аддаць больш за 130 тысяч рублёў. За тры месяцы набягае каля 400 тысяч рублёў без уліку парадажанняў.

Пасля чарговага падвышэння коштаў на праезд у гарадскім транспарце мэр сталіцы Мікалай Ладуцька ці то супакойвае, ці то пужае мінчан сабекоштам:

“Сабекошт паездкі ў грамадскім транспарце Мінска сёння складае больш за 5 тысяч рублёў”.


У “Мінсктрансе” Еўрарадыё заўважаюць, што сабекошт паездкі нават трохі большы!

“Сабекошт аднаго квітка — 5000-6000 рублёў. Зараз мінчукі аплачваюць прыкладна 30% ад сабекошту. Астатняе фінансуе горад”.


Сабекошт вылічваецца з выдаткаў літаральна на ўсё на свеце:

“Заробкі кіроўцам і адлічэнні ў фонды заработнай платы, зямельны падатак, дыспетчарскія службы, уся інфраструктура, запчасткі, паліва і электраэнергія. Бюджэт нам ні рубля не дае на шыны, на запчасткі — гэта грошы, што паступаюць ад пасажыраў”.


З бюджэту ж выплачваюцца заробкі, падаткі, амартызацыя транспарта і закупка новых аўтобусаў, рамонт старых.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі