Міністэрства ЖКГ: Адзін долар павышэння – гэта ўвогуле нішто!
Пасля павышэння тарыфаў беларусы аплачваюць усяго толькі 18% жыллёва-камунальных паслугаў.
З 1 верасня жыроўка за 2-х пакаёвую кватэру “пацяжэе” на 8 тысяч.
Цяпер за халодную ваду давядзецца плаціць на 25% больш. За карыстанне ліфтам – амаль на 20%. Тэхнічнае абслугоўванне жылых дамоў узрасло на 10%. Жыроўка “пяцяжэе” амаль на 8 тысяч. Гэта – нішто, кажа Еўрарадыё Алена Дудзінская, начальнік упраўлення эканомікі Міністэрства ЖКГ:
“Па суме плацяжу па 2- пакаёвай кватэры, у якой пражываюць тры чалавекі – на 7,9 тысяч рублёў у ацяпляльны перыяд. У летні – і таго меней. Тут увогуле атрымоўваюцца капейкі. Адзін долар павышэння – гэта ўвогуле нішто”.
Пасля павышэння тарыфаў беларусы аплачваюць 18% жыллёва-камунальных паслуг. Гэта без электраэнергіі. “Гэта павышэнне нават не дало 1%”, - кажа Алена Дудзінская:
“Насельніцтва пакуль аплачвае вельмі нязначную частку! Узровень нават на адзін працэнтны пункт не павысіўся – на 0,6% усяго толькі. Калі б гэтыя тарыфы не павысілі, то мы б у сярэднім па годзе 17,4% чакалі. А так чакаем – 18%. Але ў жніўні узровень быў трошку вышэйшы – 20,6%. Гэта без энергетыкаў.”
Нагадаем, паводле антыкрызіснага плана беларускага ўрада, напрыканцы 2011 года беларусы павінны аплачваць 30% ад агульных выдаткаў на паслугі ЖКГ. А да 2016 года – усе 60%.
Спецыялісты з “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі” скардзяцца Еўрарадыё, што сітуацыя ў камунальнікаў цяпер вельмі цяжкая:
“Мы ж ледзь ногі цягнем… Гэта ўвогуле жах, на якіх заробках людзі ў нас сядзяць… А павысілі на 500 рублёў вываз смецця — усё, скандал. Дык гэта менш, чым адзін раз у транспарце праехаць! Тлумачыць трэба насельніцтву, якая ў нас сёння сітуацыя склалася. Цяжкая сітуацыя, а будзе яшчэ горш”.