Міністр замежных справаў Славакіі: Паслы краін ЕС вернуцца бліжэйшымі днямі
Міраслаў Лайчак заявіў пра гэта сёння ў Бруселі.
Паводле яго слоў, амбасадары "не павінны быць часткай палітычнай спрэчкі паміж Еўрасаюзам і Беларуссю". ЕС "быў даволі велікадушны", калі пасля выезду з Мінску амбасадараў, не прапанаваў беларускім паслам у краінах Еўрасаюза наведаць сваю сталіцу. Паводле слоў Міраслава Лайчака, тым самым Брусель "пагадзіўся з дысбалансам на карысць Беларусі".
"Такім чынам мы таксама хацелі паказаць, што мы не зацікаўленыя ў эскалацыі сітуацыі. У той жа час зразумела, што гэта не можа трываць доўга. Цяпер ёсць невялікі пазітыўны зрух — вызваленне спадароў Саннікава і Бандарэнкі вельмі важнае — але гэта першы крок на доўгім шляху...", — цытуе словы славацкага міністра Радыё Свабода.
Нагадаем, што днямі пра гэта падчас сустрэчы з карэспандэнтам Еўрарадыё паведаміў і дырэктар Дэпартамента Усходняй Еўропы, Паўночнага Каўказа і Сярэдняй Азіі Міністэрства замежных спраў Славакіі Мар’ян Якубоцы. Пра магчымае хуткае вяртанне амбасадараў 16 красавіка паведаміў і сайт euobserver.com.
Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей заявіў, што вяртанне амбасадараў магчымае, калі ў ЕС зразумеюць неабходнасць дыялогу аб адмене санкцый.
Фота — bymedia.net