Мінкульт: Пабудаваныя каля Курапатаў чатыры домікі стаяць у ахоўнай зоне!

121130_marcin_kurapaty.mp3

Ва ўрочышчы Курапаты можа з’явіцца помнік. І паставіць яго збіраецца тая самая фірма, што хацела ўзвесці “Бульбаш-хол” каля месца масавых расстрэлаў. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе Мінскага райвыканкама на запыт журналістаў.

У аддзеле культуры Мінскага райвыканкама пра такую ідэю чулі, але дакументальных пацверджанняў не маюць.

“Яны гатовыя шмат чаго там зрабіць, але гэта па чутках. І праект ахоўнай зоны помніка зрабіць. На паперы яшчэ нічога няма”, — расказваюць у мінскім райвыканкаме.

Як даведваецца Еўрарадыё, забудоўшчыкі значна парушылі ахоўную тэрыторыю мемарыяла, на якой будаваць забаронена. Ужо амаль гатовыя домікі і нават частка галоўнага будынку будучага прыдарожнага комплексу  парушаюць ахоўную тэрыторыю помніка.

“Гэтыя іх чатыры домікі цалкам стаяць у ахоўнай зоне. Асноўны корпус — нязначна”, — расказвае начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.

І дадае, што ўсталяванне помніка цяпер не прынцыповае. Дзіўна, бо такі помнік збіраўся паставіць яшчэ ўрад БССР у 1989 годзе. І пастанову таго ўраду ніхто не адмяняў. Можа, паставяць аўтары “Бульбаш-хола”…

Палітык Зянон Пазняк такую прапанову называе цынічнай. І запэўнівае Еўрарадыё, што помнік у Курапатах ужо ёсць. Іншага пакуль не трэба…

Зянон Пазняк: “Гэта цынікі. Прыстойныя людзі такога гаварыць не могуць. Мемарыял ужо існуе, і іх помнік там непатрэбны. Іх помнік будзе тады, калі яны выметуцца адтуль са сваім рэстаранам і правакацыямі. Тысячы крыжоў — гэта і ёсць помнік. А іх будуць сотні тысяч. Мемарыял ствараецца народам, ён вечны”.

Удзельнікі круглага стала “абаронім Курапаты” збіраюцца звярнуцца ў Пракуратуру і Следчы камітэт: настойваюць, каб будынкі ля Курапатаў знеслі. Але прапанову наконт помніка называюць… цікавай.

“Рашэнне ўжо было: патрабаваць знесці гэтыя будынкі. Цяпер рыхтуецца заява ў Пракуратуру і Следчы камітэт. Але гэтая інфармацыя, наконт помніка, цікавая. І мы будзем прасіць Міністэрства культуры аб сустрэчы з чыноўнікамі на месцы. Хацелася б пачуць, што яны плануюць”, — расказвае ўдзельніца круглага стала Ганна Шапуцька.

А пакуль у Курапатах толькі камень з таблічкай, дзе напісана, што паводле пастановы ўраду БССР тут мусіць з’явіцца помнік. Пастанове ўжо 23 гады, а помніка ўсё няма…

Камень з таблічкай у Курапатах

Будоўля насупраць Курапатаў

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі