Мінск сустрэне Аліну Арлову пірагамі ды забавамі

120201 Malina Arlova.mp3

25-га лютага ў клубе "Rе:public" выступіць Аліна Арлова. Напярэдадні выступу спявачкі арганізатары зладзяць вялікую вечарыну ў сталічнай кавярні Coffee On з пірагамі ды забавамі.

“Будзе трансляцыя канцэрта, будзе цёплая зона накладных вусоў і плойкі – то бок, хто хоча вобраз Аліны Арловай, змогуць яго там зрабіць. Яшчэ ў нас будуць вялікія трохслойныя пірагі, будуць гульні, музыка ад "Піанотайм" – хлопцы будуць граць на піяна. А таксама відэапрывітанне ад Аліны з Вільні”, – распавяла Еўрарадыё арганізатарка канцэрта Вольга.

Першы раз Аліна Арлова наведалася ў Мінск у лютым мінулага году з аншлагавым канцэртам у “Мэдзісане”. За гэты час яна запісала новы альбом, змяніла канцэпцыю гурта, замяніла віяланчэль бас-гітарай і асвоіла новы інструмент.

“Але наконт новага інструмента – гэта занадта сур’ёзна сказана, – следам, нібыта выбачаецца Аліна. – Я толькі асвойваю гармонік! Так, злёгку. А ўвогуле, мінулым разам было вельмі прыемна ў Мінску. Таму мне вельмі хочацца зноў да вас прыехаць – і блізка, і хораша”.

Да таго ж, цалкам магчыма, што для pre-party арганізатары “здабудуць” некаторыя малюнкі Аліны, якая вядомая не толькі як спявачка, але і як мастачка і аўтар ілюстрацый да сваіх песень. Вечарына адбудзецца ў кавярні Coffee On, што на ст.м. Інстытут культуры, 11 лютага, пачатак а 19 гадзіне. Уваход вольны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі