Мінскае "Дынама" скасавала кантракт з беларусам Шарлем Лінгле
30-гадовы канадскі нападнік атрымаў беларускае грамадзянства ў лютым 2012 года — разам з хакеістамі Джэфам Платам і Кевінам Лаландам.
У клубе кажуць, што ў цяперашнім сезоне Лінгле даволі рэдка трапляў у склад каманды, а калі і гуляў, то праводзіў на лёдзе не так шмат часу, як раней. У 22 матчах чэмпіянату КХЛ-2012/13 ён зарабіў толькі 7 (3+4) бамбардзірскіх балаў пры 24 хвілінах штрафу, паказчыку карыснасці "-4" і сярэднім гульнявым часе 13 хвілінаў 14 секундаў за паядынак.
Што праўда, ў матчы з рыжскім "Дынама" 3 студзеня Лінгле правёў на лёдзе 19 хвілінаў 23 секунды. Аднак хакеіст у гэтым матчы прайграў адно ўкідванне ды адзін раз кінуў міма брамкі.
Калі пасля сыходу з мінскага "Дынама" Лінгле пяройдзе не ў беларускі клуб, то ён страціць права згуляць за зборную Беларусі на мінскім чэмпіянаце свету-2014 і сочынскай Алімпіядзе-2014.
Фота — championat.com