Мінскі гарадскі суд пакінуў журналіста Еўрарадыё за кратамі

Гарадскі суд Мінска 6 ліпеня разгледзеў касацыйную скаргу журналіста Еўрарадыё Паўла Свярдлова. На працэсе прысутнічала толькі адвакат.

Адзіная змена, якую зрабіў гарадскі суд, выглядае "касметычнай". У папярэднім прысудзе было напісана, што Свярдлоў не рэагаваў на заўвагі міліцыянтаў. У новым — што заўваг з боку міліцыянтаў не было. Нагадаем, што журналісты Еўрарадыё знайшлі сведкаў, якія бачылі, як міліцыянты затрымалі Свярдлова адразу па выхадзе з дома. Гэтыя сведкі кажуць, што Свярдлоў не лаяўся, а яго затрыманне выглядала як мэтанакіраваная засада.

Скаргу Свярдлова суд атрымаў 29 чэрвеня ўвечары. Між тым, 15-сутачны арышт Паўла заканчваецца 7 ліпеня.

Нагадаем, журналіста Еўрарадыё Паўла Свярдлова затрымалі раніцай 22 чэрвеня каля пад’езда яго дома. Па словах відавочцаў, да Паўла, які моўчкі выйшаў з пад’езда, падышлі двое людзей у цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі і прапанавалі прайсці з імі ў мікрааўтобус. Па версіі міліцыі, журналіст і ўладальнік Крышталёвай савы найлепшага гульца “Што? Дзе? Калі?” “беспрычынна” і “бязадрасна” лаяўся матам, на заўвагі двух спецназаўцаў не рэагаваў. У выніку яго даставілі ў РУУС Маскоўскага раёна.

Патэлефанаваць сваякам і на працу, а таксама напісаць у пратаколе сваю версію таго, што адбылося, міліцыянты не дазволілі. У той жа дзень суд Маскоўскага раёна прысудзіў Свярдлову 15 сутак арышту. З-за таго, што ў Паўла не было магчымасці паведаміць пра сябе, адвакат і калегі прыехалі, калі суддзя ўжо абвяшчала прысуд.

Касацыйную скаргу на прысуд журналіст накіраваў адразу пасля першага спаткання з адвакатам у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 25 чэрвеня. На наступны дзень сваю касацыйную скаргу накіравала і адвакат. Пасяджэнне ў гарадскім судзе было прызначанае на 15 гадзін 29 чэрвеня. Аднак на судзе высветлілася, што скарга Свярдлова за 4 дні так і не дайшла, а таму разгляд справы быў адкладзены.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі