Мінскія прыхільнікі пакрыўдзілі Billy's Band за адмову выпіць (Фота, Відэа)

120518 Malina BB.mp3

… Кампанія хлопцаў пад сцэнай цалкам аддалася сяброўскай атмасферы, што панавала на канцэрце Billy's Band, і пачала вельмі настойліва прапаноўваць музыкам пайсці выпіць і закусіць пасля канцэрта. А Білі кожны раз прыдумляў новыя жарты ў адказ. Маўляў, мы тут у краязнаўчы музей збіраліся, а там не закусваюць! Ва ўсялякім выпадку ў нас так, можа ў Мінску і іншыя правілы. У выніку хлопцы расчараваліся і пакрыўдзілі Білі. Ён, канешне, спрабаваў гэта схаваць, але пад ў пэўны момант не стрымаўся.

"Не дае мне спакою вашае: мужык — не мужык! Якая розніца!? Кажуць: "Мы ж цябе так чакалі!" А вы ведаеце, што чаканне — самая важная частка на шляху да расчаравання? Запомніце маё слова. Кажуць: "Мы ж цябе так чакалі!" А як жа музыкі? Як казаў мой былы сябра — дарэчы, таксама музыка: "Музыкаў пакрыўдзіць лёгка, а вось потым вярнуць добрае стаўленне да сябе — уууу...!" — абурыўся Білі Новік са сцэны, але, сказаўшы, хутка забыўся і працягнуў тужлівай "Где спит твоё сердце".

Піцерскі гурт Billy's Band прывёз у Мінск свой новы альбом "Чужие-2". Гэта працяг працы над менавіта чужымі песнямі, якія вельмі любяць самі музыкі, а таму і выконваюць, праўда па-свойму, праз прызму рамантычнага алка-джазу. На канцэрце прагучала толькі некалькі асноўных хітоў гурта, кшталту "Немного смерти, немного любви", "Оторвёмся по питерски", "В голове блюз". Астатнія песні былі каверамі на абсалютна розных музыкаў, ад Тома Уэйтса да Гарыка Сукачова.




"Думаю, што калі-небудзь настане той дзень, калі мы прывязем у Мінск раскошную праграму пад назвай "Гульні ў Тома Уэйтса". Ніхто не ведае, калі, а таму зараз прапануем невялічкі ўрывак для затравачкі", — паабяцаў Білі Новік перад выкананнем песні Clap Hands легендарнага музыкі.


Рамантычныя алка-джазавікі ўсё часцей пачалі прыязджаць з канцэртамі да нас. Гэтым разам нават прывезлі свайго гукарэжысёра ды ві-джэя. На сцэне стаялі адмысловыя камеры, якія адразу ж праецыяваліся на вялікі экран. А адна з камераў была прылепленая да жалезнага імбрыка, які стаяў на сцэне. Гітарыст гурта Андрэй "рыжык" Рэзнікаў, калі вызваляўся ад інструмента, браў гэты імбрык і вельмі смешна лётаў з ім ад аднаго музыкі да іншага, каб карцінка на экране была больш разнастайнай.



"Мінск стаў 9-м горадам на гэтай планеце, у якім наш новы дыск з'явіўся ў фізічным выглядзе. Але нам хацелася б выканаць песню, якой няма на альбоме. Гэта вельмі старая песня, яна таксама чужая, але мы не паспелі яе запісаць, бо літаральна ўчора першы раз паспрабавалі яе выканаць", — заінтрыгаваў лідар Billy's Band наведвальнікаў канцэрту. І не дарма, бо наступная песня рэальна парвала залу. Апладысменты цягнуліся некалькі хвілінаў, гэта ж джазавая апрацоўка песні Чабурашкі!!!



"Дарэчы! А чаму вы не прыехалі мінулым летам у Піцер? — раптоўна звярнуўся да публікі Білі Новік. — Я запрашаў, а вы не прыехалі. Сёлета мы вас запрашаем прыехаць, каб не атрымалася такой няёмкай сітуацыі, як зараз. Усім абавязкова быць на белыя ночы! Ёсць і вельмі пераканаўчая падстава: 4-5 чэрвеня, а гэта самы світак, такая вясна белых начэй, у нас два канцэрты ў Тэатры эстрады. Чакаем вас!"



На біс Billy's Band прапанавалі спяваць наведвальнікам і зайгралі "Муз Замбела". Шкада толькі, што дыскі з альбома "Чужие-2" з'ехалі з Мінску разам з музыкамі, бо ў нашых крамах яны не прадаюцца.

Антон Матэзіўс сольна спявае песню пра манетку ў тры капейкі, якае ніколі не сустрэнецца з манеткай у 2 капейкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі