Еўрарадыё выкрыла, што МММ працягвае дзейнасць у Беларусі

Офіс МММ у Мінску разграміў КДБ, а 5 чалавек затрымалі і абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Але ўступіць у МММ па-ранейшаму вельмі проста. Еўрарадыё даведалася, што піраміда працуе.

"Цяпер галоўны чалавек у Расіі. У Беларусі быў, але яго пасадзілі і ён дагэтуль сядзіць. Мы са сваёй дзясяткай знайшлі іншых кіраўнікоў і перайшлі ў Расію. Там усё легальна", – так супакойваюць карэспандэнта Еўрарадыё, які не можа адважыцца нібыта аддаць свае грошы ў піраміду. Пры гэтым мяне адразу папярэджваюць: "Вы ж усведамляеце, што асабіста я ніякай адказнасці не нясу".

Патрапіць у МММ – справа 3 хвілін. Рэгіструемся на сайце, атрымліваем нумар свайго дзесятніка, праз яго аддаем свае грошы і вы не халяўшчык, а партнёр!

Дзесятнік, адзін з тых, хто ўступіў раней і цяпер далучае туды сваіх знаёмых, бо за гэта мае 10 працэнтаў ад кожнага ўкладчыка.

Пасля арышту кіраўнікоў мінскага офіса ўсё змянілася. Грошы, якія не арыштавалі хуценька перавялі ў Расію. Уклад можна ўнесці толькі праз вэбмані ці асабіста перадаць з рук у рукі свайму кіраўніку. Раней укладчыкі пераводзілі грошы ў МММ наўпрост праз свае банкаўскія картачкі і атрымлівалі грошы з працэнтамі гэтым жа чынам!

"Калі іх арыштоўвалі, на рахунках арыштавалі па 30-50 тысяч долараў", – кажа ўдзельнік піраміды, які перайшоў у Расію.

Па чутках, грошы арыштаваныя беларускімі праваахоўнікамі МММ абяцала вярнуць ўкладчыкам, але пакуль нібыта не аддалі.  Цяпер, каб завабіць новых укладчыкаў абяцаюць шмат бонусаў. Толькі за рэгістрацыю даюць 20 долараў. Праўда потым аказваецца, каб працэнты капалі на падараваныя 20$, трэба пакласці на рахунак не менш за 50. Яшчэ за унесеныя грошы даюць бонус – 50% ад сумы, але яго адразу не атрымаеш.

"Можна забраць грошы праз 2 тыдні, але тады не будзе бонуса, каб з бонусам забраць, павінны месяц паляжаць".

Кажуць, што грошы можна забраць праз месяц, але нават на сайце МММ папярэджваюць – гэта піраміда, ніхто адказнасці не нясе, у адзін момант усё можа знікнуць.

Еўрарадыё адшукала і некалькіх пакуль не падманутых укладчыкаў. Вадзім уклаўся яшчэ у лютым, забраць хоча ў ліпені. Паклаў 50 умоўных, рахунак пасля гэтага не правяраў, таму нават не ведае, колькі там цяпер.

"Калі клаў грошы, маральна з імі развітаўся. Гэта не была крытычная сума ці апошнія грошы сям'і. Калі яны прападуць, мне ўсё роўна. Ну пакладу чарговую цагліну ў помнік чалавечаму глупству".

Калі падлічыць па сённяшніх умовах, уклаўшы ў піраміду 50$ адразу атрымліваеш 95$. Праз месяц гэтая сума мусіць павялічыцца на 40 працэнтаў - 133 долара.

У Следчым камітэце Беларусі Еўрарадыё паведамляюць, што справа па МММ працягваецца. Ці ёсць у Беларусі яшчэ ячэйкі піраміды – не каментуюць.

"Справа знаходзіцца ў актыўнай фазе следчых дзеянняў і ніякай афіцыйнай інфармацыі, акрамя распаўсюджанай у ранейшых прэс-рэлізах і інтэрв’ю старшыні камітэта, не будзе".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі