Monsoon Sexy Season адкрываюць сезон асенніх вечарынак
Гэтым канцэртам тандэм вакалісткі Тані Гарошка і экс-бубнача Drum Ecstasy Сцяпана Бітуса дасць справаздачу аб сумеснай працы.
Хоць гэта і першы сумесны выступ музыкантаў у Мінску, Таня і Сцяпан вырашылі не надаваць яму статус прэзентацыі, а проста зладзіць вечарынку “інтэлігентнай” музыкі.
"Там не будзе ніякага пафаса! Гэта будзе вечарынка, у межах якой мы з Таняй прадставім музыку, над якой мы працавалі апошнім часам. Гэта, так бы мовіць, справаздача аб зробленай працы!" — распавядае Сцяпан Бітус.
Падчас вечарынкі прагучаць усе кампазіцыі з будучага альбому Monsoon Sexy Season у канцэртнай версіі:
"Так звычайна заўжды атрымліваецца, што студыйныя запісы адрозніваюцца ад таго, што музыканты іграюць на канцэртах. Гэта будуць больш пашыраныя і атмасферныя версіі. Будзе атмасфера, дзе больш увагі надзяляецца гуку, агульнаму стану ў музыцы, чым мелодыі, словам, якія ў радыйных версіях скарачаюцца а-ля ў 3 хвіліны", — тлумачыць Сцяпан.
Дарэчы, альбом пад назвай "Hello, Dr. Freud" у Monsoon Sexy Season амаль гатовы: музыканты плануюць выдаць яго да канца гэтага году.
Сцяпан Бітус: "Зараз мы рыхтуемся да выдання і вядзем перамовы з выдаўцамі. І я думаю, што да канца гэтага года альбом будзе афіцыйна выдадзены".
Эксперыментальнасць праекту і гэтага канцэрту яшчэ і ў тым, што падчас імпрэзы і Сцяпан, і Таня выступяць у незвычайным для сябе амплуа з уласнымі дыджэй-сэтамі. Як патлумачыў Сцяпан, гэта будзе выключна праца з электроннымі сродкамі сучаснай музычнай індустрыі, а не традыцыйнымі, якімі музыканты карысталіся раней:
"У Мінску мяне ведаюць галоўным чынам як бубнача Drum Ecstasy, ды і Таню як дыджэя, я думаю, мала хто бачыў. Мы будзем рабіць тое, чаго раней на сцэне ў прынцыпе не рабілі. За выключэннем таго, што Таня будзе спяваць, — смяецца Сцяпан Бітус. — Зараз я не буду іграць на акустычных бубнах, а буду працаваць з музыкай у некалькі іншым стылі. Я буду працаваць з эфектамі, лупамі — то бок гэта будзе мікшыраванне ўжывую, ў рэал-тайме, выкарыстанне электроннай перкусіі плюс выкарыстанне цікавых сінтэзатараў і мной, і Таняй".
Канцэртам у Мінску музыканты плануюць распачаць свой канцэртны сезон. Так, пасля мінскай вечарынкі Monsoon Sexy Season плануюць выступіць у Маскве і Вільні і запрашаюць на свае канцэрты ўсіх, хто цікавіцца свежымі музычнымі тэндэнцыямі.
Сцяпан Бітус: "Мы сыграем свае любімыя трэкі гэтага сезону. Гэта будзе добрая музыка! Аматарам інтэлектуальнай танцавальнай музыкі, думаю, прыйдзецца да спадобы".
Нагадаем, што канцэрт у Мінску адбудзецца 24-га верасня ў бары "Малако", пачатак апоўначы.