Мясніковіч заклікае да большага энтузіязму на суботніках
На яго думку, гэта павінен быць паўнавартасны працоўны дзень, а не “прагулкі з мятлой па тэрыторыі”.
“Урад будзе рабіць больш жорсткімі патрабаванні да арганізацыі і правядзення агульнарэспубліканскага суботніка, каб ён не ператвараўся ў марнае бадзянне чыноўнікаў і работнікаў арганізацый”, — заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 20 красавіка падчас суботніка.
Як паведамляе прэс-служба ўрада, ён працаваў на будаўнічай пляцоўцы фізкультурна-аздараўленчага комплексу з аквазонай і інфраструктурай сацыяльнага абслугоўвання каля вадасховішча Дразды.
На думку Мясніковіча, прыбіранне населеных пунктаў павінна ажыццяўляцца па-за суботнікам, паведамляе БелаПАН. Прэм’ер таксама выказаўся пра ўдзел ў суботніку моладзі.
“Мне здаецца, моладзь не сканцэнтравала намаганні, энтузіязм на патрэбныя краіне і людзям справы, — падкрэсліў кіраўнік урада. — Я мяркую, БРСМ і іншыя моладзевыя фарміраванні павінны паставіць перад сабой задачу ў найбліжэйшыя некалькі тыдняў ачысціць усе прыгарадныя лясы, зоны адпачынку. Бо хто ў асноўным адпачывае? Моладзь. Хто там пакідае смецце? Таксама моладзь. Значыць, трэба за сабой прыбраць, усё прывесці ў парадак. І гэта таксама па-за суботнікам. У вольны ад вучобы і працы час”.