На "Берлінале" паедзе фільм, зняты на "Беларусьфільме"
Стужка, праўда, будзе прадстаўляць Эстонію і здымаў яе эстонскі рэжысёр Пеэтэр Сім
На студыі "Беларусьфільм" амаль скончылася праца над сумесным беларуска-эстонска-латвійскім фільмам "Одинокий остров". Ён ужо змантаваны, зробленыя шумы, музыка, зараз гэта ўсё зводзіцца ў адно цэлае. Як даведалася Еўрарадыё, стваральнікі фільма плануюць патрапіць на Берлінскі кінафорум, але баяцца не паспець усё дарабіць.
"Камісія чакае гэтага фільма. Калі мы паспеем за адзін тыдзень, які нам застаўся, то ў нас ёсць магчымасць, даць яго адборшчыкам берлінскага кінафестывалю на прагляд, - тлумачыць сітуацыю генеральны прадзюсар стужкі Гаціс Упмаліс. - Не кажам пра творчыя якасці, бо мы ўжо не сумнявамся, што яны прысутнічаюць у фільме. Трэба паспець паказаць гэты фільм у добрай тэхнічнай якасці".
Гаціс Упмаліс дадае, што калі раптоўна "Одинокий остров" не паспеюць дарабіць у пастаўлены тэрмін, то яго ўсё роўна будуць падаваць на іншыя фестывалі "А" класа і выводзіць на берлінскі рынак. Да таго ж рэжысёр і сцэнарыст стужкі Пеэтэр Сім распавядае, што ведае рэцэпт стварэння фестывальных лідараў. Праўда, гэтым разам не пажадаў яго выкарыстоўваць. Маўляў, зараз ад усходняй Еўропы чакаюць змрочных фільмаў. Яму ж хочацца зрабіць прадукт для гледачоў, каб ён не быў такім павярхоўным, як зараз прынята.
"Нам вельмі хацелася адрадзіць адчуванне кінематографа 60-х гадоў. Таму фільм атрымаўся даволі кансерватыўным, хоць паводле структуры гэта так званы "ансамбль муві". Гэта пяць груп людзей, якія ніякага дачынення адзін да аднаго не маюць. Яны сутыкаюцца за невялікі тэрмін, у нас гэта два з паловай дні, і ў пэўнай ступені змяняюць лёс адзін аднаго, - тлумачыць ідэю стужкі Пеэтэр Сім. - Ідэя нашага фільма ў тым, што людзі ўсё ж яшчэ не згубілі пачуцця сімпатыі. Што яны могуць дапамагаць адзін аднаму ў самых безвыходных сітуацыях".
Паводле сюжэта, усе падзеі адбываюцца ў Таліне. Праўда, асноўныя здымкі праходзілі ў нашай краіне, і большасць акцёраў, занятых у праекце, таксама беларусы: Святлана Зелянкоўская, Валерыя Арланава, Ігар Сігаў ды Вераніка Пляшкевіч.
"У нас няма такога нервовага напружання, што характэрнае для ўсяго здымачнага перыяду, а асабліва, калі здымаюцца сумесныя фільмы. Тым больш, што беларускія і эстонскія кіношнікі неяк блізкія па характарах",- апісвае ўражанні ад супрацоўніцтва з беларускай камандай Пеэтэр Сім.
Цікава, што як даведалася Еўрарадыё, асноўную частку фінансавання стужкі выдзеліў беларускі бок - гэта больш за мільён еўра пры агульным бюджэце ў 1,23 мільёны. Але калі "Одинокий остров" усё ж трапіць на фестываль у Берліне, то прадстаўляць ён будзе Эстонію.
Дададзім, што ў 2001-м годзе Пеэтэр Сім і Гаціс Упмаліс з фільмам "Хорошие руки" ўжо перамагалі на Берлінале ў праграме "Панарама", і атрымалі LVT-Manfred-Salzberg Prize Audience Award.
Кароткае апісанне фільма ад "Беларусьфільма":
Прыватнае жыццё людзей у вялікім горадзе хавае мноства загадак. Прафесар-літаратуразнавец не можа знайсці агульнай мовы са сваім сынам, машыністам цеплавоза. Няпроста складаюцца адносіны маладой настаўніцы і старшакласніка — сына эстонскага таксіста і сцюардэсы-беларускі. Двое сяброў, былыя калегі-маракі, закаханыя ў адну і тую ж жанчыну, і ўсе трое не ў сілах разарваць шматгадовы любоўны трыкутнік. Маленькая балярына, прыкаваная да інваліднай калыскі, мучыць маці тым, што вінаваціць яе ў сваім няшчасці… Героям нялёгка разблытаць тонкія ніткі складаных адносін, і дапамагчы ім можа толькі шчырае жаданне зразумець і прабачыць самім сабе, а таксама тым, хто знаходзіцца побач.
Фота: belarusfilm.by