На будаўніцтве чыжоўскай арэны працуюць в’етнамцы (фота)

На Чыжоўка-арэне цяпер узводзяць каркас з металаканструкцый. Пакуль уявіць сабе будучы будынак досыць складана. Над будоўляй ўзвышаецца 6 пад’ёмных кранаў.

На агароджаную тэрыторыю амаль кожныя 10 хвілін заязджаюць грузавыя машыны з матэрыяламі.

“Ужо пачаўся мантаж металаканструкцый па энергаблоку. Наступны этап – мантаж металаканструкцый вялікай арэны і малой арэны. Паралельна ідзе праектаванне сетак. Калі змантуюць метал, у нас з’явіцца карціна забудовы, то бок абрысы будынку будуць бачныя”, – распавядае намеснік дырэктара будаўнічага ўпраўлення Дзмітрый Карась.

Цяпер над узвядзеннем арэны працуе не многа рабочых, працягвае Дзмітрый. Але калі пачнуцца аддзелачныя працы, людзей спатрэбіцца больш.

Карась: “На гэтым аб’екце у нас працуе каля 150 чалавек. Гэта маналітчыкі, мантажнікі металаканструкцый, зваршчыкі”.

На будоўлі арэны рабочыя працуюць па вахтах. Кожная вахта – 12 гадзін. Мантажнікі працуюць па зменах, цяпер яны робяць у дзве змены. Рабочыя з Беларусі, але ёсць і госці з замежжа, дадае Дзмітрый Карась.

Карась: “Ёсць у нас і в’етнамцы. Але іх тут не многа. Пасля на аддзелку, можа, будуць падцягвацца і спецыялісты з В’етнама. У нас у філіяле працуюць в’етнамцы, але гэта ў асноўным муляры і штукатуры, якія тут пакуль непатрэбныя”.

На будоўлі арэны рабочыя атрымліваюць у сярэднім 2 мільёны на месяц. Гэта залежыць ад таго, як тыя працуюць. Прыкладна а 13 гадзіне рабочыя вяртаюцца з абеду. Кіроўца бульдозера, рыхтуючы машыну да працы скардзіцца на гасцей з замежжа. Маўляў, возьмуць арматурыну і ходзяць цэлы дзень па будоўлі. Пры гэтым зарабляюць больш, чым беларускія калегі, кажа мужчына.

Яго сябра мантажнік наракае, што заробкі сапраўды маглі б быць вышэйшымі, бо курс долара ўвесь час змяняецца. Між тым, перапынкаў у будаўніцтве не было. Таксама не было і перабояў у пастаўцы матэрыялаў, цвердзяць рабочыя. Маўляў, на такім стратэгічным аб’екце праблем быць не можа.

Здаць чыжоўскую арэну спартоўцам плануюць да чэмпіянату свету па хакеі. Ён пройдзе ў 2014 годзе. Але гэта можа здарыцца і раней, заўважае Дзмітры Карась.


Карась: “Да чэмпіянату па хакеі ўсё будзе гатова. А так, прыблізна да 2013 года”.

Комплекс у Чыжоўцы будзе падобны да Мінск-арэны. Вялікая арэна будзе змяшчаць каля 10 тысяч чалавек. Малая арэна разлічана на 500 чалавек. У астатніх памяшканнях размесцяцца гандлёвыя кропкі ці забаўляльны цэнтр, пакуль гэта вырашаецца.



У якія грошы абыдзецца гораду другая арэна, пакуль невядома. Гэта можна будзе падлічыць, калі комплекс будзе гатовы, кажа Дзмітры Карась. Плошча ўсяго будучага комплексу – 71 тысяча квадратных метраў. Адпаведна, 40 тысяч метраў – вялікая арэна і 20 тысяч – малая. Пасля заканчэння будаўніцтва ў чыжоўскай арэне будзе гуляць хакейны клуб “Юнацтва”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі