На Чарнобыльскай АЭС разбурылася частка сцен і даху (фота, відэа)

Прычынай абвалу стаў снег, што ляжаў на даху. Разбурыліся сценавыя панэлі і часткі лёгкага даху. Плошча разбурэння склала каля 600 квадратных метраў, інфармуе РІА "Новости".

Абвал адбыўся ў 80 метрах ад зоны будаўніцтва аб'екта "Сховішча".

"Парушэння межаў і ўмоваў бяспечнай эксплуатацыі аб'екта "Сховішча" няма. Зменаў радыяцыйнай абстаноўкі на прампляцоўцы ЧАЭС і ў зоне адчужэння таксама няма. Пацярпелых няма", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Чарнобыльскай АЭС.


Насельніцтву ў сувязі са здарэннем на Чарнобыльскай АЭС нічога не пагражае, паведамляе МНС Расіі.

Нагадаем, аварыя на Чарнобыльскай АЭС адбылася 26 красавіка 1986 года. Узарваўся чацвёрты энергаблок станцыі. Ад радыеактыўнага забруджвання пацярпелі Беларусь, Украіна і Расія. Праводзілася адсяленне людзей.

Пасля здарэння над аварыйным блокам станцыі быў пабудаваны саркафаг, які ў апошнія гады паступова руйнуецца. Украінскія ўлады хочуць ператварыць Чарнобыльскую станцыю ў бяспечную сістэму з дапамогай аб'екта "Сховішча", які будзе ўяўляць сабой збудаванне ў форме аркі вышынёй 105 метраў, даўжынёй 150 метраў і шырынёй 260 метраў.

Фота: nowostimira.com.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі