На каго палююць на кірмашы вакансій?

121024_savi4_vakansii.mp3

“Нам патрэбны рознарабочыя: упакоўшчыкі, грузчыкі. Спецыялісты з вышэйшай адукацыяй нам не патрэбны”, — ад кірмаша сталічных вакансій у Палацы чыгуначнікаў карэспандэнт Еўрарадыё чакала трохі іншых прапаноў.

Далей яшчэ больш дзіўна:

“Для пенсіянераў вакансіі, падыходзьце! 2 мільёны 800 тысяч рублёў для прыбіральшчыка тэрыторыі”.

“Аператары сувязі цэха, паштальёны, можна без вопыту працы! Будзеце вучыцца два месяцы, заробак пасля навучання 2,3 мільёна рублёў. Прадастаўляецца інтэрнат, але там чарга — тры гады. Нам патрабуецца каля 200 працаўнікоў!”

На “Атлант” патрэбныя людзі без вопыту працы, “Мінсктранс” шукае кіроўцаў і кандуктараў, а ў “Нацыянальным аэрапорце” скардзяцца, што ніхто не хоча ісці на прэстыжную прафесію… грузчыка багажу!

“Ніхто не бярэ візітоўкі пра грузчыка, гэта вельмі прэстыжная і цікавая прафесія, ён грузіць багаж, але ніхто не бярэ! Нам патрабуюцца ахоўнікі, і жанчын бяром у ахову, афіцыянты па абслугоўванні віп-персон патрэбны, кандытары, бармены. Вельмі шмат цікавяцца працай у "Нацыянальным аэрапорце" — візітоўкі разбіраюць умомант!”

Шукальнікаў працы на кірмашы так многа, што некаторыя, каб не таўчыся, ідуць запаўняць анкеты і вывучаць газеты з прапановамі ў буфет.

Міліцыянеры, што сачылі за парадкам на кірмашы, таксама не-не ды і праглядалі вакансіі, бралі "на памяць"  рознакаляровыя візітоўкі прадпрыемстваў...

Вывучаю вакансіі і я — большасць для мужчын. Жанчынам можна ўладкавацца швачкай, прыбіральшчыцай, гандляркай і паштальёнкай.

“Шукаю працу тэхнікам-праграмістам ужо пяць месяцаў, звярталася ў Мінскі метрапалітэн, у ЖЭСы, але паўсюль патрэбен вопыт працы. А каб навучыць, ніхто не хоча брацца. Я чакаю, што прадпрыемствы патэлефануюць і адгукнуцца на мае патрабаванні”, — кажа Надзея, што завочна вучыцца ў БНТУ. Яна разлічвае знайсці працу мінімум за тры мільёны па спецыяльнасці.

Але ёсць што лавіць і спецыялістам з вышэйшай адукацыяй…

На завод “Інтэграл” патрабуецца прыкладна 300 спецыялістаў у галіне энергетыкі, інжынеры-тэхнолагі, а таксама ўсё тыя ж будаўнічыя і рабочыя спецыяльнасці. Адзінае, што падкачала, — заробак. Для інжынераў — ад 2,5 мільёна, з-за гэтага асноўная цякучка кадраў.

“Начальства ў нас добрае, людзі добрыя працуюць, але на першым месцы сярод прычын звальнення — невысокі заробак. Мы гэтага не хаваем, але стараемся лішні раз не афішыраваць”.


Умоўна дзялю кандыдатаў на працоўныя месцы на катэгорыі: моладзь, без вопыту працы, часцей за ўсё гэта выпускнікі ВНУ, немаладыя мужчыны — пры гальштуках і з лёгка заўважнай няўпэўненасцю, возьмуць ці не, жанчыны часцей перадпенсійнага веку, маладыя студэнткі.

На пытанне Еўрарадыё, якую працу шукаеце, мінчук разводзіць рукамі:

“Не ведаю. Я толькі з зоны, хачу многа грошай. Хачу тысячу, дзве тысячы долараў. Сюды паглядзець прыйшоў. Калі што, паеду ў Расію. Я прамысловы альпініст. За што сеў? Больш трэба было траву курыць…”


Супрацоўнікі па наборы персанала супермаркета “Вестэр” прапаноўваюць больш за 30 вакансій у сферы гандлю. Мінімальны заробак — 2 мільёны 300 тысяч рублёў для кухоннага рабочага. Скардзяцца на вялікую цякучку.

“У год цякучка каля 300 чалавек пры колькасці супрацоўнікаў 400! У гандаль, як правіла, ідзе ніжэйшы слой, той, хто нікуды не можа пайсці. Вялікая канкурэнцыя, выбірай там, дзе лепш, дзе лепш плацяць”.


Супрацоўніца аддзела кадраў супермаркета заўважае, што калі раней на курсы прадаўцоў запісвалася каля 100 чалавек, дык зараз — пяць!

Самыя папулярныя спецыяльнасці з прапанаваных пяці тысяч — слесар розных спецыялізацый, грузчык, кіроўца і прыбіральшчык. Сярэдні заробак, які часцей за ўсе гучыць, — 3-4 мільёны рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі