На кампенсацыю ўкладаў у Беларусі сабралі 225 мільёнаў долараў
Калі які-небудзь банк закрыецца, адмысловае агенцтва абяцае беларусам кампенсаваць 100% унёскаў у той валюце, у якой яны былі зробленыя.
У лістападзе 2008 года ў Беларусі была створана “Агенцтва па гарантаваным вяртанні банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асобаў”. За доўгай назвай хаваецца просты сэнс: гэтая арганізацыя прызначаная для таго, каб у выпадку закрыцця беларускага банка кампенсаваць уклады ўкладальнікам.
“Гарантыйны фонд на дадзены момант складае больш за 444 мільярды рублёў. А калі гарантыйнага фонду не хопіць, “Агенцтва” будзе выкарыстоўваць іншую сваю маёмасць, кошт якой складае каля 253 мільярдаў рублёў”, — распавёў Еўрарадыё намеснік гендырэктара “Агенцтва” Віктар Плёнкін.
У 24 банках, што працуюць у краіне, беларусы па апошніх звестках трымаюць у рознай валюце больш за 8 мільярдаў долараў у пераліку.
Але грошай агенцтва хапіла б, каб кампенсаваць уклады кліентаў, напрыклад, “Белзнешэканомбанка”, калі з ім (цьфу-цьфу-цьфу!) што-небудзь здарыцца. У гэты банк людзі паклалі 528,8 мільярды рублёў — па суме ўнёскаў ён займае 6-е месца ў краіне. “Агенцтва” ж агулам назапасіла амаль 700 мільярдаў рублёў. Адкуль узяліся гэтыя грошы?
“Механізм даволі просты, — працягвае Віктар Плёнкін. — Кожны банк, зарэгістраваны ў агенцтве, кожны квартал уносіць у “Агенцтва” 0,3% ад рэшты банкам сродкаў фізічных асобаў. Калі ў агенцтве становіцца на ўлік новы банк — ён мусіць сплаціць унёсак у памеры 0,5% ад нарматыўнага капітала банка”.
Акрамя таго, 80% ад свайго прыбытку ў “Агенцтва” пералічае Нацбанк Беларусі.
Віктар Плёнкін: “Агенцтва з гэтага фонду пакрывае страты ўкладальнікаў. Вяртанне ў нас складае 100% ад сумы ўкладаў і ажыццяўляецца ў той валюце, у якой быў створаны ўклад. Гэты захад беспрэцэдэнтны, ужываецца няшмат дзе. Паўсюль ёсць ліміты абмежаванняў, і, звычайна, у іншых краінах грошы вяртаюцца ў нацыянальнай валюце”.
Каб выратаваць грошы, атрыманыя ў банкаў, ад інфляцыі “Агенцтва” укладае іх у дэпазіты і каштоўныя паперы. За 2 гады існавання “Агенцтву” не даводзілася кампенсаваць уклады банкаў, пазбаўленых ліцэнзіі.
“Сістэма гарантавання ўкладаў у Беларусі мае даўнюю гісторыю. Ёсць і станоўчы досвед вяртання ўкладаў укладальнікам банкаў “Джэмбанк” і “БанкБелБалтыя”, — дадае Віктар Плёнкін.
Цікава, што “Агенцтва” далучыцца да вырашэння праблем укладальнікаў толькі тады, калі справы банка зусім дрэнныя.
Віктар Плёнкін: “Агенцтва не падстрахоўвае банк. Агенцтва кампенсуе ўнёскі ў выпадку, калі ў банка адклікаюць ліцэнзіі. Гэта абавязковая ўмова. Бо калі ў банка ўзнікаюць праблемы з ліквіднасцю, яму, звычайна, дапамагае Нацбанк — гэта яго прэрагатыва як крэдытора апошняй інстанцыі. Агенцтва такіх функцый зараз не мае”.